"Дата генератар": 30 красавіка — дзень памяці Жыгімонта III Вазы

30/04/2020 - 10:36

Гэты чалавек быў сынам караля Швецыі Юхана III Вазы (1537–1592) і Кацярыны Ягелонкі (1526–1583), дачкі Жыгімонта I Старога.

Польскія магнаты і шляхта абралі яго ў 1587 годзе (ва ўзросце 21 года) каралём Рэчы Паспалітай пасля смерці Стафана Баторыя. Ён гаспадарыў 45 гадоў запар. Шмат падзей адбылося ў тыя часы. Аднак мяне цікавіць толькі тое добрае, што ён зрабіў для ВКЛ.   

1. Выдаў прывілей (28 студзеня 1588 года), якім зацвердзіў Статут ВКЛ 1588 года, гарантаваўшы суверэннасць ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Ён зрабіў гэта дзеля падтрымкі з боку магнатаў і шляхты ВКЛ, прадстаўнікоў ад якіх не было на элекцыйным сейме. Безумоўна — вымушаны крок, аднак што было, тое было, і добра, што было.    

2. Падтрымаў Брэсцкую царкоўную унію 1596 года. Падтрымаў таму, што быў упарты каталік і лічыў унію сродкам, каб паступова перацягваць праваслаўных у каталіцтва. Аднак унія паспрыяла ўмацаванню рэлігійнага спакою ў ВКЛ, і ўніяцкая царква на працягу 200 гадоў захоўвала старабеларускую мову і культуру праз свае службы і кнігі. Ізноў жа гэта было добра для продкаў сучасных беларусаў.  

3. Як палітык, Жыгімонт улічваў рэальнае становішча ў дзяржаве і добра зразумеў, што ВКЛ — зусім не Польшча. Таму ён паспрыяў прыняццю Сеймам пастаноў 1609, 1618, 1631 гадоў, якія гарантавалі правы праваслаўным у Вялікім Княстве Літоўскім. 

4. Ён падтрымаў Ілжэдзмітрыяў Першага і Другога грашамі і дазволіў ім вербаваць тутэйшую шляхту і мяшчан у свае войскі. Паходы самазванцаў моцна аслабілі Маскоўскую дзяржаву, галоўнага ворага ВКЛ.   

5. Жыгімонт пачаў вайну супраць Маскоўскай дзяржавы (1609–1618), у выніку якой спачатку вярнуў Вялікаму Княству Смаленск (у 1611 годзе), а па Дэулінскім перамір’і (1618 года) вярнуў усе астатнія нашы землі, раней захопленыя маскоўскімі вялікімі князямі, пачынаючы ад Івана III. 

6. І апошняе. У 1607 годзе ён зацвердзіў абвешчаныя Сеймам Рэчы Паспалітай (чарговы раз) шляхецкія вольнасці, непарушнасць права шляхты на выбар караля, пастаянны кантроль сенатараў за дзеяннямі караля і яго службоўцаў.

Таму, падсумоўваючы, можна сказаць, што для нашай старажытнай дзяржавы (ВКЛ)  Жыгімонт быў зусім нядрэнны гаспадар. Вось толькі не здолеў як след выкарыстаць перамогі нашых гетманаў (Караля Хадкевіча ды іншых) у вайне са Швецыяй за Інфлянты, якая цягнулася з перапынкамі ажно 28 гадоў (1600–1629)! Але значная частка Інфлянтаў усё ж засталася ў складзе ВКЛ.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі