Дар'я Домрачава здавала тэст на каранавірус і была ў самаізаляцыі

01/04/2020 - 14:40

Дар'я Домрачава вярнулася ў Беларусь і здала тэст на каранавірус. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка напісала ў Instagram, што вынік адмоўны.

Як вядома, Домрачава заявіла пра развітанне з вялікім спортам летам 2018-га. З верасня 2019-га яна разам з мужам, нарвежцам Уле-Эйнарам Б'ёрндаленам, трэніруе зборную Кітая па біятлоне. Іх дачцы Ксеніі ідзе ўжо чацвёрты год.

"Пасля заканчэння біятлоннага сезону і вяртання з Фінляндыі ў Мінск, мы здалі тэст на каранавірус проста ў аэрапорце, — піша Дар'я Домрачава. — Атрымалі адмоўныя вынікі і на наступныя 14 дзён пастараліся абмежаваць кантакты. Займаліся хатнімі справамі, адпраўлялі дыстанцыйна трэніровачную праграму нашым ізаляваным кітайскім спартсменам... атрымлівалі асалоду ад магчымасці пабыць дома і ад прагулак на прыродзе".

Домрачава піша, што ў людныя месцы ездзіць з сям'ёй рэдка і толькі "па сур'ёзнай неабходнасці", абавязкова ў "масках-рэспіратарах". Яна часта мые рукі і выкарыстоўвае антысептыкі.

Дар'я заклікае людзей не панікаваць, больш дыхаць свежым паветрам і сур'ёзна адносіцца да выканання мер асабістай гігіены.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі