Ціманоўская расказала, як яе не адразу ўпусцілі ў ЗША

17/04/2024 - 07:16

Крысціна Ціманоўская / Reuters

Падчас прылёту ў ЗША лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую не адразу ўпусцілі ў краіну. Пра гэта яна расказала ў сваім акаўнце ў Інстаграме.

"Мой першы раз у ЗША. Было шмат стрэсу, і я думала, што мяне адправяць назад", — жартам адкаментавала яна здарэнне.

Ціманоўская распавяла ў сторыс, што яе на пашпартным кантролі не прапусцілі, а адправілі з афіцэрам у пункт допыту. Нагодай сталі візы ЗША, атрыманыя ёю раней: "Усё праз тое, што ў мяне было раней дзве візы ў беларускім пашпарце, і я імі не скарысталася. Пыталіся, чаму так, а таксама былі пытанні, калі і чаму атрымала іншае грамадзянства".

Допыт доўжыўся 20 хвілін, пасля чаго спартоўку ўпусцілі ў ЗША. Па яе словах, два афіцэры пазналі яе і пажадалі паспяховых стартаў.

Ціманоўская прыляцела на збор у Маямі ў складзе польскай зборнай для эстафеты 4×100 м. Каманда Польшчы на пачатку траўня выступіць на спаборніцтвах у Насау (сталіца Багамскіх выспаў). Гэты турнір будзе адборам на Алімпіяду ў Парыж.

Пасля скандалу на Алімпіядзе ў Токіа, калі Ціманоўскую гвалтам хацелі вярнуць у Беларусь, спартоўка перабралася ў Польшчу. У жніўні 2023 года лёгкаатлетка атрымала дазвол выступаць за гэтую краіну на міжнародных стартах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі