Ці рызыкуе “Белавія” жыццямі беларусаў?

10/11/2015 - 12:47

Нацыянальная авіякампанія вырашыла не адмяняць чартары ў Шарм-эль-Шэйх, хаця МЗС раіць турыстам устрымацца ад палётаў туды.

 

“Магчымыя праблемы з кантролем бяспекі”

“У сувязі з рашэннямі ўладаў шэрагу дзяржаў аб часовым абмежаванні авіязносін з турыстычнымі цэнтрамі Арабскай Рэспублікі Егіпет, у прыватнасці, аб адмене авіяпералётаў ў напрамку Егіпта а таксама арганізацыі планавага і пазапланавага вывазу турыстаў з гэтай краіны, улічваючы, перш за ўсё, ажыятаж, тэхнічныя складанасці і магчымыя праблемы з належным кантролем бяспекі ў адпаведных егіпецкіх аэрапортах, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь рэкамендуе беларускім грамадзянам адмяніць на бліжэйшы час (да новых апавяшчэнняў) паездкі ў Егіпет з турыстычнымі мэтамі”, — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства замежных справаў Беларусі, распаўсюджаным 7 лістапада.

Прычынай да яго сталі пакуль не да канца зразумелыя падзеі з адменай усіх расійскіх і брытанскіх авіярэйсаў у Егіпет. Англічане зрабілі гэта першымі, адначасова са спасылкай на свае спецслужбы паведаміўшы свету: расійскі самалёт, які пацярпеў катастрофу над Егіптам ў канцы кастрычніка, быў узарваны тэрарыстамі.

Крэмль заявы брытанцаў абверг, у Думе іх нават назвалі лухтой. А праз дзень Расія… адмяніла ўсе свае рэйсы з Егіпет, так і не патлумачыўшы канкрэтнай прычыны. Цяпер дзясяткі тысяч расійскіх турыстаў вывозяць з Егіпта адмысловымі самалётамі асобна ад іх багажу — ён ляціць на самалётах МНС.

 

“Белавія” будзе працаваць у штатным рэжыме

“Самастойна пераканаўшыся ў забеспячэнні бяспекі ў цяперашні час на высокім узроўні ў Міжнародным аэрапорце Шарм-эль-Шэйха, ААТ “Авіякампанія “Белавія” плануе выкананне чартарных рэйсаў у Егіпет у штатным рэжыме”, — цытуе ў панядзелак 9 лістапада афіцыйны сайт авіякампаніі намесніка генеральнага дырэктара кампаніі Ігара Чаргінца. І дадае, што прадстаўнікі “Белавіа” наведалі Шарм-эль-Шэйх і ўбачылі, што там на дадзены момант усё ў парадку. І спасылаецца на тое, што авіякампаніі іншых краін, напрыклад, Украіны, Германіі, Італіі, таксама не адмянялі рэйсы. Калі верыць сайту flightradar24, то ў Шарм-эль-Шэйх за палову дня 10 лістапада прыляталі пераважна самалёты такіх кампаній, як Air Arabia Jordan, альбо Saudi Arabian Airlines.

Цікава, што яны пры гэтым там спадзяваліся ўбачыць. Барадатыя тэрарысты з “калашнікавымі” наўрад ці праносяць бомбы на борт самалёта. 10 лістапада у прэс-службе авіякампаніі Еўрарадыё тлумачаць, што з кожным самалётам у Егіпет цяпер будзе лётаць прадстаўнік службы бяспекі авіякампаніі. Праўда, незразумела, навошта, калі там і так усё добра.

 

Цікавая сітуацыя. Расіян умовы бяспекі ў егіпецкіх аэрапортах не задавальняюць і яны абвясцілі эвакуацыю сваіх грамадзян адтуль, а мы працягваем лётаць у Егіпет як і раней, толькі з прадстаўнікамі ўласнай службы аховы. Незразумела, навошта, калі і так усё ў парадку.

Калі версія з бомбай на борце пацвердзіцца (чакаць гэтага засталося зусім нядоўга) і насамрэч акажацца, што расійскі Airbus быў знішчаны баевікамі Ісламскай дзяржавы у адказ на аперацыі Крамля ў Сірыі, нам застаецца толькі спадзявацца, што ісламісты добра разбіраюцца ў геаграфіі і не пераблытаюць беларускі самалёт з расійскім.

А сітуацыя сама па сабе досыць дзіўная. Адно дзяржаўнае ведамства, МЗС, раіць турыстам у Егіпет не ездзіць, а дзяржаўная ж кампанія “Белавіа” працягвае іх туды вазіць, пры гэтым супакойваючы — усё пад кантролем. Каму верыць, выбірайце самі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі