Ці патрэбная на "Еўрабачанні" беларуская мова

17/05/2016 - 15:04

"Вельмі гняце тое, што практычна ўсе спяваюць на англійскай мове. Па-мойму, гэта вельмі нудна", — канстатуе падчас разбору палётаў апошняга "Еўрабачання" гуру расійскай музычнай журналістыкі Арцемій Троіцкі

Беларусь удзельнічае ў "Еўрабачанні" з 2004 года, і ніхто з яе 13 прадстаўнікоў так ні разу і не спяваў па-беларуску — толькі на англійскай.

Спробы вынесці беларускую песню на еўрапейскую сцэну робяць рэдкія ўдзельнікі нацыянальных адбораў. Вось, на погляд Еўрарадыё, самыя ўдалыя ці запамінальныя з іх:

Палац. Кола грукатала (2008)
Дакота. Цябе забываю (2009)
Aura. Закаханая (2015)
Milki. Accent (2015) (сумесь англійскай і беларускай)
Navi. Гэта зямля (2016)

Цікава, што ў 2004-м годзе практычна ўсе фіналісты адбору, якія прэтэндавалі паехаць у Стамбул, спявалі па-руску. У 2012-м карцінка змяняецца — у фінале няма ніводнай песні на "дзяржаўных" мовах. Такая ж сітуацыя цягнецца да 2016-га, пакуль Белтэлерадыёкампанія не прапаноўвае артыстам усё ж звярнуць увагу на мову. І хоць у апошнім адборы беларускамоўных трэкаў — на любы густ, у фінал трапляе толькі "Гэта зямля" Navi.

"Нарэшце зразумелі нашы ўсходнія браты, што не трэба спяваць на сваёй мове: ты адразу адразаеш усю аўдыторыю Еўропы, — выказваецца ў размове з Еўрарадыё беларускі музыка, лідар гурта Rouble Zone Алег Джагер, які цяпер жыве ў Бельгіі. — Гэтыя ўсе "всічкіпчэчкомошкэ" — каму гэта трэба? Гэта ніхто не слухае. Людзі адразу адварочваюцца. Гэта ўсё нецікава. І вось цяпер не было ніводнай песні на "няпесеннай мове", бо французская, італьянская, англійская, іспанская — песенныя. І мяне гэта радуе".

Аднак, як бачым, англійская не надта дапамагае беларускім артыстам на "Еўрабачанні".

 

"Калі заспяваць песню на беларускай мове, напэўна, не зразумеюць еўрапейцы. Англійская ў гэтым выпадку лепшая, бо гэта конкурс песні, і трэба разумець, пра што яна, — разважае спявачка Гюнеш. — Але я не супраць мовы. Калі будзе добрая песня на мове, кшталту "Малітвы" Марыі Шэрыфавіч, якая ўзрушыла ўсю Еўропу, і было зразумела, пра што яна, не выключаю, што паспрабую".

Самы паспяховы беларускі ўдзельнік "Еўрабачання" Дзмітрый Калдун мяркуе, што спяваць па-беларуску на конкурсе, калі дагэтуль ты ніколі гэтага не рабіў, — як мінімум не шчыра.

"У такім выпадку, мне падаецца, выканаўца, які ніколі не спяваў па-беларуску, проста "здраджвае" сабе як выканаўца, як творчая адзінка. Ці будзе ён сам сабе верыць?" — задаецца пытаннем музыка і дадае, што "беларускамоўны" поспех на "Еўрабачанні" будзе залежыць ад удалай канцэпцыі выступу і трэка: маўляў, песню з народнымі матывамі недарэчна выконваць на замежнай мове.

"Але калі ты выконваеш папулярную музыку, як той жа Сяргей Лазараў, які ў апошні час спяваў па-англійску, то чаму б і не спяваць на англійскай?"

На думку Дзмітрыя, з "мовай" арганічна на "Еўрабачанні" будуць глядзецца артысты, якія спяваюць па-беларуску "не таму, што іх папрасілі":

"Вось як Navi. Калі б у некага было жаданне адправіць беларускамоўны трэк з нацыянальным каларытам — за іх было б не сорамна".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі