Чым адгукнецца Украіне заклік перанесці "нармандскія" перамовы з Мінска?

29/11/2016 - 12:02

Пасля таго, як Беларусь паспрабавала заблакаваць у ААН "украінскую" рэзалюцыю па правах чалавека ў Крыме і Севастопалі, дэпутат Вярхоўнай Рады Ганна Гапко прапанавала перанесці з Мінска перамовы "Нармандскай чацвёркі".

"Калі мы кажам, што Мінск з'яўляецца нейтральнай платформай, куды з'язджаюцца ўсе для перамоваў, дык пасля такога галасавання [Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі. — Еўрарадыё] мы не можам на падобнае разлічваць", — заявіла дэпутат.

Чым адгукнецца беларусам прынцыповасць у ААН і ці гатовыя іншыя ўдзельнікі "чацвёркі" да пераносу перамоваў у іншае месца? Пяць тэзісаў на гэты конт ад беларускага палітолага Яўгена Прэйгермана:

— Для таго, каб перанеслася пляцоўка, мусіць быць пагадненне паміж усімі ўдзельнікамі "Нармандскага фармату". Акрамя Украіны і Расіі, гэта яшчэ і Францыя, і Германія. Усім ужо зразумела, як "гэта працуе" тут, у Мінску. Навошта ім пачынаць з нуля ў іншым месцы? Некалькі тыдняў таму я ў Германіі сустракаўся з людзьмі, якія працуюць з Мінскімі пагадненнямі, і ніякага жадання нешта некуды пераносіць не ўбачыў.

— Некалькі тыдняў таму я быў таксама і ў Кіеве. Гэта было яшчэ да апошняга галасавання ў ААН, але ўжо тады шмат хто быў незадаволены Мінскам і казаў пра перанос перамоваў. У Кіеве дагэтуль памятаюць, што Беларусь фактычна падтрымала Расію ў галасаванні па рэзалюцыі ў 2014 годзе [27 сакавіка 2014 года Генеральная Асамблея ААН прызнала крымскі рэферэндум аб аддзяленні ад Украіны незаконным. Беларусь галасавала супраць рэзалюцыі. — Еўрарадыё]. Тое, што здарылася цяпер, надало прыхільнікам ціску на Беларусь больш моцы.

— Не варта чакаць, што пазіцыя Беларусі ў ААН [у снежні чакаецца яшчэ адно галасаванне па Украіне. — Еўрарадыё] катэгарычна зменіцца. Так, заявы Украіны — асноўнага ўдзельніка канфлікту і перамоваў — вельмі непрыемныя для Беларусі, і ставяць пад сумнеў рэгіянальную перспектыву размаўляць далей. Але ў Кіеве, які чакае ад нас нейкіх неверагодных крокаў, мусяць зразумець, што мы знаходзімся ў цяжкіх умовах. І там мусяць зразумець, што чым вышэйшая наша бяспека, тым вышэйшая іх бяспека. І трэба дапамагаць адно аднаму, каб сітуацыя ў рэгіёне не выходзіла з-пад кантролю. Заявы аб замене мінскай пляцоўкі гэтаму не спрыяюць.

— Часам мне здаецца, што пра нашу нейтральную пазіцыю ва Украіне ніхто ўвогуле чуць не хоча. Яны схіляюць нас да таго, каб абраць нейкі бок? Дзіўна, што ў Кіеве не разумеюць, што калі нам давядзецца выбіраць, гэта будзе не ўкраінскі бок. Таму Украіне трэба знізіць градус напружання ў публічнай прасторы.

— Ці магла Беларусь устрымацца на галасаванні ў ААН, як гэта зрабілі 76 іншых краін? Гэта пытанне не да мяне. Але пагаджуся, што нам патрэбнае больш моцнае нейтральнае пазіцыянаванне — і для таго, каб заставацца перамоўнай пляцоўкай, і для таго, каб захаваць сваю бяспеку. Што можна адказаць на "наезд" з боку Ганны Гапко? Пляцоўка ў Мінску гарантуе для Украіны дадатковую бяспеку з поўначы. Калі "Нармандская чацвёрка" сыдзе адсюль, для рускага боку будуць важыць менш нашы аргументы наконт таго, што мы не можам размяшчаць на сваёй тэрыторыі іх вайсковыя базы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі