"Б'юць з усяго, што ў іх ёсць" — 62-я раніца вайны

26/04/2022 - 07:29
За суткі ў выніку абстрэлаў ў Луганскай вобласці пашкоджаны не менш за пяць дамоў​ / @luhanskaVTSA

Сітуацыя на фронце за мінулыя суткі істотна не змянілася. Расійскія войскі спрабуюць наступаць (без прыкметных поспехаў) альбо збіраюць сілы для наступу. Працягваюцца баі і абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Толькі ў Луганскай вобласці расійскія войскі 17 разоў атакавалі грамадзянскія аб'екты. Пашкоджаныя не менш за 5 дамоў, распавядае кіраўнік рэгіёну Сяргей Гайдай. Расіяне спрабуюць захапіць Папасную, за суткі горад перажыў "чатыры магутныя артылерыйскія атакі".

"Білі з усяго, што ў іх ёсць", кажа кіраўнік гарадской думы Папаснай Мікалай Ханатаў: і авіяцыяй, і артылерыяй. Людзі, па яго словы, апынуліся заблакаваныя ў падвалах.

За мінулыя суткі зноў вырасла колькасць загінуўшых на гэтай вайне дзяцей. Спіс папоўніўся імёны двух дзяцей з Лімана. Ад атрыманых раненняў памерлі 9-гадовая дзяўчынка і 14-гадовы хлопец, распавялі ў офісе Генеральнага пракурора Украіны. Усяго за час вайны ва Украіне загінулі 217 дзяцей, 391 атрымалі раненні.

За два месяцы расійскія войскі выкарысталі супраць Украіны звыш тысячы сто ракет і незлічоную колькасць авіябомбаў, артылерыі. Пра гэта гаварыў у традыцыйным звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле ацэнкі сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксея Данілава, небяспека з боку Расіі можа пагражаць Малдове і Казахстану. Ён нагадаў пра словы міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова пра тое, што малдаване і казахі браты для расіян. "Таму ім трэба прыгатавацца, гэта можа быць пачатак такога "братання" на тэрыторыі Малдовы", прыводзіць словы Данілава рэсурс "Громадське".

Украіна просіць адміністрацыю Джо Байдэна аб экстранай фінансавай дапамозе ў памеры 2 мільярды долараў у месяц. Пра гэта таксама распавядае "Громадське" са спасылкай на публікацыю ў The Washington Post.

Тым часам, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і міністр абароны ЗША Лойд Осцін пакінулі Кіеў — з'явіліся фота Блінкена ў вагоне цягніка. Падчас гэтага візіту, нагадаем, высокія госці паабяцалі Украіне ваенную дапамогу.

Энтані Блінкен у вагоне цягніка ўкраінскай чыгункі / @UkrzalInfo

Жыхары Херсона плануюць сабраць мітынг супраць псеўдарэферэндума аб стварэнні так званай "ХНР", піша УНІАН. Акцыя адбудзецца ў дзень "рэферэндуму" — 27 красавіка. Людзі выступаюць супраць стварэння квазірэспублікі.

Таксама стала вядома, што ў Херсоне ў падвале мясцовай царквы больш за месяц хаваюцца 58 дзяцей-сірот і дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі. З іх 10 дзяцей ва ўзросце ад 4 месяцаў да года, астатнія – менш за 4 гады, у тым ліку дзеці з інваліднасцю, якія маюць патрэбу ў адмысловым даглядзе і лячэнні. Пра гэта распавяла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Людміла Дзянісава і папрасіла аб дапамозе ў эвакуацыі дзяцей. Ужо знойдзены ўкраінскі дом дзіцяці, які гатовы іх прыняць, патрэбны гуманітарны калідор.

Футбалісты данецкага "Шахцёра" ўшанавалі памяць загінулай у Адэсе сям'і: трохмесячнай дзяўчынкі Кіры, яе мамы Валерыі і бабулі. Сям'я загінула ў суботу падчас расійскага ракетнага абстрэлу. Футбалісты "Шахцёра" выйшлі на дабрачынны матч у футболках з фота бэйджыка з радзільні. На гэтай бірцы былі звесткі пра маленькую Кіру. Акцыя была прысвечана ўсім загінулым у гэтую вайну украінскім дзецям.

Футбалісты данецкага "Шахцёра" ўшанавалі памяць загінулых дзяцей / facebook.com/fcshakhtar

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі