Былы гулец футбольнай зборнай Беларусі: я за перавод адукацыі на беларускую мову

11/07/2016 - 13:09

Былы брамнік нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі Васіль Хамутоўскі ў інтэрв'ю pressball.by выказаўся на тэму беларускай мовы і свайго стаўлення да яе.

"Ёсць выдатная фраза: "Хочаш загубіць народ, вынішчы яго мову", — кажа Хамутоўскі. — Мне вельмі падабаецца беларуская мова. Гэта нашы карані. Калі сканчаў школу, у нас некаторыя прадметы пачыналі выкладаць на беларускай мове. Дык вось, я б хацеў, каб да гэтага вярнуліся. Родную мову забываць не варта". Ён прыгадвае, што на яго дыпломе аб сярэдняй адукацыі змешчаны беларускі нацыянальны герб "Пагоня".

Васіль Хамутоўскі лічыць, што сістэму адукацыі трэба "плаўна", "разумна", "без галопу" перавесці на беларускую мову. Пры гэтым, кажа ён, не варта забываць рускую мову. "Яе таксама трэба пакінуць у школах — гэта мова нашых суседзяў і братоў. Трэба вучыць і рускую, і іншыя мовы — французскую, нямецкую. А беларуская павінна быць у прыярытэце", — мяркуе былы брамнік зборнай. Цалкам інтэрв'ю з ім гл. тут.

Васілю Хамутоўскаму 37 гадоў. На сённяшні дзень ён — гуляючы трэнер брамнікаў у мінскім "Дынама". За нацыянальную зборную ён выступаў у 2000-2008 гадах.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі