Бульба і морква "абвалілі" бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі

30/10/2015 - 13:05

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі апублікавала новы бюджэт пражытковага мінімуму на чацвёрты квартал. Упершыню з 2008 года ён знізіўся, хоць і не нашмат ― усяго на 1,5 тысячы рублёў. Для тых, хто працуе, было 1 569 130, стала 1 567 810 рублёў.

У Міністэрстве працы Еўрарадыё тлумачаць, што зніжэнне на 0,1% працэнта звязанае са зніжэннем коштаў на сезонную прадукцыю.

“У параўнанні з іншымі перыядамі гэтага не адбывалася, а тут пайшло рэзкае зніжэнне. І менавіта такога не было”, ― кажуць у ведамстве.

Для таго, каб падлічыць наступны БПМ, бяруць кошты апошняга месяца квартала. Напрыклад, для чацвёртага квартала бяруць кошты верасня, для трэцяга ― кошты чэрвеня.

Шукаем тое самае “значнае зніжэнне” на сезонную гародніну. Вось, да прыкладу, кіло бульбы ў верасні каштуе 4600 рублёў, а ў чэрвені ― 6750 рублёў. Зніжэнне на 30%. Удвая патаннелі сезонныя морква, буракі і капуста.

Але што цікава: год таму бульба таннела яшчэ больш ― на 50% за аналагічныя месяцы, а ў 2013 ― на 33%. У 2012 і 2009 кіло бульбы каштавала прыкладна аднолькава, але БПМ рос і не зніжаўся!

Да таго ж, як падлічыла Еўрарадыё, набор прадуктаў, які бярэцца за аснову БПМ, падаражэў на 2%.

Бюджэт пражытковага мінімуму выкарыстоўваецца для прагназавання ўзроўню жыцця, аказання адраснай дапамогі малазабяспечаным сем'ям. Ад гэтага залежыць налічэнне на дзяцей, пенсіі і іншыя выплаты. Але, як завярае ведамства, ад гэтага ніякія выплаты не знізяцца.

Міністэрства працы таксама ўстанавіла новыя мінімальныя спажывецкія бюджэты. Да прыкладу, аднаму працаздольнаму чалавеку на месяц трэба каля 3,2 мільёна рублёў. Гэтых грошай яму павінна хапіць на ежу, лекі, адзенне, абутак, мэблю і гэтак далей.

Мінакі на вуліцах Мінска здзіўляюцца, як можна пражыць на 3,2 мільёна.

“Мне 10 мільёнаў не хапае! Хоць запыты ў мяне звычайныя: у мяне няма шуб, паліто звычайнае, боты таксама. Крэдыт аплаціла — і ўсе грошы”, ― здзіўляецца Вольга.

У скверыку сустракаем Людмілу і яе дачку Ангеліну з Верхнядзвінска. Людміла заўважае, што ў іх горадзе кошты на элементарныя прадукты вельмі высокія і ім даводзіцца ездзіць у суседнія Мёры, Полацк, каб нешта набыць танней.

“Мільёнаў 5 для аднаго чалавека, каб набыць сабе абутак, добра і правільна харчавацца. Я, натуральна, разумею ― чым больш грошай, тым большыя запыты, але 5 мільёнаў для нармальнага жыцця ў самы раз”, ― падлічвае жанчына.

Аляксандра спяшаецца на працу, дзяўчына таксама называе суму ў 10 мільёнаў.

“Трэба 9-10 мільёнаў. Нават калі сціснуцца да апошняга, можна пражыць на 3-4 мільёны, як у нас у Беларусі многія і жывуць”, ― распавядае Аляксандра.

Мінчанін Віталь нешта падлічвае ў блакноціку, кажа, што запісвае ўсе выдаткі ― так прасцей весці бюджэт. Ён перакананы, што ў сям'і з чатырох чалавек трэба, каб муж і жонка зараблялі хаця б па 10 мільёнаў кожны.

“Гэта на харчаванне і пражыванне. Калі нежанаты чалавек, можа, яму і сем мільёнаў хопіць. Але калі сямейны ― дваццаць мільёнаў для сям'і з чатырох чалавек па нашых коштах павінна хапіць", ― кажа Віталь.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі