Brutto не дазволілі выступіць у Мінску 27 траўня

02/03/2016 - 09:12

Сяргею Міхалку і гурту Brutto не далі дазвол на правядзенне канцэрта ў мінскім Палацы спорту 27 траўня. Прычынай называецца праблема з уцечкай этыленгліколю ў памяшканні. З гэтай жа нагоды было адмоўлена і арганізатарам канцэрта “Каго любіш? Люблю Беларусь!”, запланаванага на 25 сакавіка. Як патлумачыў Еўрарадыё дырэктар Палаца спорту Сяргей Прановіч, наступствы здарэння будуць ліквідаваныя ў вольны ад ужо дамоўленых мерапрыемстваў час. Пакуль жа труба з этыленгліколем перакрытая:


"Канцэрт не адбудзецца па тэхнічных прычынах: у нас няма цяпер часу ліквідаваць наступствы, бо мы мусім выканаць усе абавязальніцтвы, якія маем. Таму мы будзем рабіць рамонтныя работы ў вольны час, тым больш, да рамонту трэба прыцягваць іншыя арганізацыі". 


Заяўка на правядзенне канцэрта Brutto у Палацы спорту была пададзеная на пачатку лютага. Для гэтага ў Мінск з Кіева прыехаў сам Сяргей Міхалок разам з менеджарам Антонам Азізбекянам. На днях лідар Brutto апублікаваў відэазварот, у якім распавёў, што менеджар гурта меў размову са сталічнымі чыноўнікамі, якія нібыта запрасілі Міхалка з сям'ёй “вярнуцца ў краіну і разам будаваць дэмакратычную Беларусь”. Міхалок выказаў спадзяванне, што канцэрту Brutto у Мінску адбудзецца ў любым выпадку, бо канцэрты гурта "ужо не спыніць".

Пасля таго, як гурт атрымаў адмову, Антон Азізбекян у каментарыі сайту Tuzin.fm заявіў, што ад ідэі правядзення канцэрта ў Мінску гурт не адмаўляецца:


"Цяпер узгадняем іншую дату. У нас няма адчування бегу па зачараваным коле. І сам я аптыміст ды рэаліст. За намі праўда, і мы нічога не парушылі, у адрозненне ад "Ленинграда". Мы пяць гадоў тут не выступалі і хочам спяваць у сваёй краіне. І ў мяне ёсць унутранае адчуванне, што так і будзе. Я яму заўжды давяраю".


Па словах дырэктара Палаца спорту, калі вольная дата з’явіцца, ён не супраць, каб Brutto ўсё ж выступілі на пляцоўцы. Пакуль жа паслухаць каманду Сяргея Міхалка можна ў Беластоку 12 сакавіка на сумесным канцэрце з гродзенскім гуртом Dzieciuki.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі