Больш за паўтысячы прасаў сабраў калекцыянер са Слуцка

21/11/2019 - 12:41

У калекцыі слуцкага настаўніка геаграфіі Леаніда Вечара — 580 прасаў. 300 з іх прадстаўлены на экспазіцыі ў кадэцкім вучылішчы. Збіраць розныя рэчы Леанід Вечар пачаў у дзяцінстве. Спачатку былі маркі, значкі, рублі, манеты. А вось калекцыянаваць прасы настаўнік геаграфіі пачаў больш за 20 гадоў таму.

Курсанты, якія прыходзяць паглядзець калекцыю прасаў / Еўрарадыё

Леанід Вечар распавядае Еўрарадыё, што сёння яго калекцыя пацягне на 7 тысяч долараў.

“Як географ, я шмат падарожнічаў: паходы, экскурсіі, — гаворыць слуцкі калекцыянер. — Аднойчы мы прыйшлі з вучнямі ў музей да аднаго з бацькоў, у якога была самая вялікая калекцыя прасаў у Слуцку — 70 штук. У мяне спрацаваў азарт калекцыянера, і я пачаў займацца прасамі. На той момант каля 10 прасаў у мяне было, але я іх не збіраў”.

Прасы Леанід Вечар збіраў у паходах, купляў на рынках, даваў аб’явы ў газеты, атрымліваў у падарунак. Сёння ў яго калекцыі прасы беларускай, польскай, рускай, нямецкай і іншай вытворчасці. Самы стары экспанат у слуцкага настаўніка — прас 1827 года, які Леанід Вечар купіў у Клецку.

“Усё сабраць немагчыма, — гаворыць калекцыянер. — Я выбраў сабе тэмы, вось і займаюся. Мне цікавы пошук як сам працэс. Хочацца знайсці, купіць. Здаецца, у калекцыі многа прасаў, але ў мяне яшчэ шмат якіх няма. У мяне ў асноўным еўрапейскія прасы, а вось японскіх няма. Таму ёсць куды імкнуцца”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі