Больш за 30 тысяч жыхароў раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, згубілі льготы

03/02/2016 - 11:06

У Беларусі змяніліся межы зон радыеактыўнага забруджання. У выніку 203 населеныя пункты сталі “чыстымі”. Акрамя таго, у частцы вёсак і гарадоў узровень радыяцыі знізіўся. Так, з зоны далейшага адсялення (максімальнае забруджанне) ў зону з правам на адсяленне перамясціцца пяць населеных пунктаў, а з зоны з правам на адсяленне ў зону з перыядычным радыяцыйным кантролем — 128.

У адпаведным законе прапісаныя льоты, гарантаваныя жыхарам той ці іншай зоны. Паводле гэтага закона, найбольш ільгот губляюць тыя, чые населеныя пункты сталі цалкам чыстымі. Тут пражывае амаль 31 тысяча чалавек.

Вёска Сіманічы Лельчыцкага раёна — адзін з такіх пунктаў, у мінулым — зона з перыядычным радыяцыйным кантролем. Дырэктар мясцовай школы распавядае, з якімі зменамі яна сутыкнулася непасрэдна ў сваёй працы:

“Па-першае, дзіцячае харчаванне. 110 дзяцей мелі двухразовае харчаванне на 29 770. Санаторнае аздараўленне. Нашы дзеці, якія паступалі ў навучальныя ўстановы, мелі льготы на інтэрнат”.

Закон прадугледжвае не толькі бясплатныя санаторыі для дзяцей, але і бясплатны праезд да пунктаў лячэння і аздараўлення. Акрамя таго, больш доўгі адпачынак па цяжарнасці і родах для жанчын.

Разам з прадстаўленнем інтэрната, абітурыентам гарантаваныя і перавагі пры залічэнні ў навучальныя ўстановы. Аднак у гомельскім Упраўленні па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Еўрарадыё паведамілі, што на практыцы гэта амаль не прымяняецца:

“Яна нязначная, гэтая льгота, пры роўных іншых умовах пры паступленні. То бок, гэтая льгота прымянялася толькі ў тым выпадку, калі ва ўсіх дзяцей аднолькавая колькасць балаў, і калі раптам у кагосьці няма пасведчання”.

На тэрыторыях, якія перайшлі з зоны з правам на адсяленне ў зону з перыядычным радыяцыйным кантролем, жыхары губляюць больш высокую дапамогу па доглядзе за дзіцём да трох гадоў, а пры перасяленні — перавагі ў працаўладкаванні і магчымасць загадзя не папярэджваць працадаўцу аб звальненні.

Маладая маці ў дэкрэце Вольга зарэгістраваная ў такой зоне — аграгарадку Акцябр Буда-Кашалёўскага раёна. Але цяпер жыве ў Гомелі, і кажа, што яе найбольш закранулі дзве з адмененых ільгот:

“Дэкрэтныя, таму што гэта кожная месячная капейка, якая заўсёды патрэбная, калі ёсць маленькія дзеці. Паколькі я прапісаная ў гэтай зоне, а я выхавацель дзіцячага садка, калі б нейкая была чарга, дапусцім, на месца тры—чатыры выхавацелі, то я пайшла б у першую чаргу. Разам з месцам на дзіця”.

Вольга ўхваляе, што засталося бясплатнае аздараўленне для дзяцей і бясплатнае харчаванне ў школе. Аднак мяркуе, што пакуль дачка падрасце, прыбяруць і гэтыя льготы.

Тыя, хто пражываў у зоне далейшага адсялення, згубілі толькі адну льготу — атрыманне жылля пры перасяленні. Аднак усё вышэйзгаданае тычыцца толькі “Закона аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый”. Існуе таксама шэраг ільгот і сацыяльных гарантый, прадугледжаных іншымі заканадаўчымі актамі. Альбо іншымі пунктамі таго ж закона (напрыклад, якія тычацца тых, хто працуе і вучыцца ў забруджанай зоне). Іх са зменай статусу зон таксама згубяць тыя, хто карыстаўся імі раней.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі