Белстат апублікаваў статыстыку росту коштаў на камуналку

01/03/2016 - 09:11

Белстат апублікаваў індэкс коштаў і тарыфаў на паслугі насельніцтву за снежань 2015–студзень 2016 года. Паводле дадзеных статыстаў, кошты на жыллёва-камунальныя паслугі ў гэты перыяд выраслі… ўсяго на 4%.

Індэкс коштаў і тарыфаў на паслугі, аказваемыя насельніцтву, у студзені 2016 г. у параўнанні са снежнем 2015 г. склаў 104%.

“Там вы бачыце толькі індэкс павышэння коштаў на камуналку, які быў у снежні, — тлумачыць кіраўніца аддзела статыстыкі коштаў Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці Валянціна Каралёва. — Бо мы адсочваем інфляцыю па факце аплаты паслугі. То бок у студзені мы яшчэ аплачвалі снежаньскія плацёжкі. За студзень там плацёжак яшчэ не будзе. То бок гэта яшчэ толькі снежаньскае падаражанне прайшло ў студзені. А вось у лютым ужо будзе ўсё астатняе: і газ на 20%, і электраэнергія, і ацяпленне”.

Атрымліваецца, што пакуль Белстат падлічыць, на колькі выраслі тарыфы з новага года, цалкам верагодна, што яны зменяцца зноў. Па загадзе Аляксандра Лукашэнкі Савет міністраў мусіў падрыхтаваць новыя тарыфы на камунальныя паслугі да 1 сакавіка. Але пакуль ніякай інфармацыі на гэты конт не з’яўлялася.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі