Міграцыйны дэпартамент Літвы / Delfi.lt
Заявы на атрыманне часовага дазволу на жыхарства ў Літве беларусы змогуць падаваць у аддзяленнях знешніх пастаўшчыкоў паслуг у Арменіі і Грузіі. Адпаведнае рашэнне прыняло Міністэрства ўнутраных спраў Літвы.
У ведамстве патлумачылі гэтую меру неабходнасцю запаўняць рынак працы: "Каб працадаўцы маглі і далей прыцягваць працоўную сілу з Беларусі, грамадзянам гэтай краіны даецца магчымасць падаваць заявы на часовы дазвол на жыхарства ў Літоўскай Рэспубліцы ў падраздзяленнях знешніх пастаўшчыкоў паслуг у Арменіі і Грузіі".
Калі б такое рашэнне не было прынятае, то з 1 лістапада грамадзяне Беларусі ўжо не маглі б прыязджаць у Літву на падставе працы. Бо з гэтай даты набываюць моц папраўкі да Закона "Аб прававым статусе замежнікаў". Згодна з імі асобы, якія прыбылі толькі з шэнгенскай візай ці нацыянальнай візай іншай краіны, не змогуць падаць дакументы на ДНЖ па працы ці навучанні.
У Беларусі няма пастаўшчыка знешніх паслуг, таму ў нашай краіне падаць заяўку на літоўскі ДНЖ на падставе працы немагчыма. Цяпер беларусы падаюць заяўкі на часовы дазвол на жыхарства па працы ўжо ў самой Літве. Новыя нормы закона пазбавілі б грамадзян Беларусі магчымпасці падаваць дакументы як у Літве, так і за мяжой. Таму беларусам дазволілі падаваць заявы ў Арменіі ды Грузіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут