Беларускіх і расійскіх спартсменаў дапусцілі да Алімпіяды 2024 года ў Парыжы

08/12/2023 - 14:37

Беларусаў і расіян пусцяць у Парыж на пэўных умовах / olympics.com

Беларускіх і расійскіх спартсменаў дапусцілі да Алімпіяды 2024 года ў Парыжы. Гэта будуць "індывідуальныя нейтральныя спартсмены". Такое рашэнне прыняў выканаўчы савет Міжнароднага алімпійскага камітэта.

На Алімпіяду змогуць паехаць спартсмены, якія прайшлі адбор у сваіх відах спорту (на даны момант кваліфікаваліся 8 атлетаў з РФ і 3 — з РБ). На афіцыйных пляцоўках Алімпійскіх гульняў у Парыжы і на афіцыйных мерапрыемствах не будзе дэманстравацца ні сцяг, ні гімн, ні спалучэнне колераў, ні іншыя сімвалы Беларусі і Расіі. Таксама на Алімпіяду не будуць запрошаныя і акрэдытаваныя ні расійскія, ні беларускія чыноўнікі. У Парыж не трапяць спартсмены, якія выказваліся ў падтрымку вайны Расіі супраць Украіны, ці "звязаныя з ваеннымі ці сілавымі структурамі".

Алімпійскія гульні ў Парыжы пройдуць з 26 ліпеня да 11 жніўня 2024 года.

Беларускі і расійскі спорт трапілі пад санкцыі пасля 24 лютага 2022-га, агрэсіі РФ супраць Украіны. У далейшым Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў міжнародным спартыўным федэрацыям дапускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі да спаборніцтваў на пэўных умовах. Але не ўсе федэрацыі з гэтым пагадзіліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі