Беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя чакае дзіця

16/07/2018 - 07:02

Беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя чакае дзіця. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 5" расказала галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па плаванні Наталля Шаламіцкая.

"Вы ведаеце, мы ўсе вельмі рады за Сашу, — цытуе словы Шаламіцкай "Прессбол". — Вядома ж, нараджэнне дзіцяці — гэта вельмі адказная задача для дзяўчынкі. Я думаю, што Саша, калі будзе адчуваць сябе нармальна, вернецца і пакажа яшчэ сябе".

Аляксандры Герасімені 32 гады. Яе найлепшыя дасягненні — два "срэбра" на Алімпіядзе 2012 года ў Лондане (на дыстанцыях 50 і 100 метраў вольным стылем), "бронза" на Алімпійскіх гульнях 2016-га ў Рыа (на дыстанцыі 50 метраў). Летам мінулага года Герасіменя выйшла замуж за беларускага плыўца Яўгена Цуркіна.

Як бачым, кіраўніцтва зборнай разлічвае, што Аляксандра яшчэ вернецца ў вялікі спорт і зможа прадэманстраваць высокія вынікі. "Мы яе ўсе вельмі чакаем, жадаем ёй моцнага здароўя і найхутчэйшага вяртання ў нашу каманду", — кажа галоўны трэнер.

У інтэрв'ю парталу tut.by Герасіменя сказала, што пакуль не ставіць кропку ў кар'еры. Ёй вельмі хочацца заваяваць алімпійскае золата. Таму плыўчыха думае пра вяртанне ў вялікі спорт да Алімпіяды 2020 года ў Токіё.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі