Беларуска заплаціць штраф у 21 раз большы за цану тавару, які несла з Украіны

04/04/2017 - 12:38

Беларуска заплаціць штраф у 21 раз большы за цану тавару, які яна нелегальна несла з Украіны. Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, 64-гадовую жанчыну затрымалі 31 сакавіка ў 120 метрах ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Высветлілася, што за гадзіну да гэтага яна ехала ў якасці пасажыркі з Украіны, у пункце пропуску Мохра (Дольск) у яе асабістых рэчах знайшлі 1,6 кг мясных вырабаў і 11 пачкаў насення. Паколькі гэтыя тавары ўвозіць забаронена, беларусцы прапанавалі ад іх пазбавіцца. Аднак яна заявіла, што вернецца назад ва Украіну. А сама паспрабавала нелегальна перайсці мяжу ў Беларусь, але была затрыманая памежным нарадам.

Жыхарку Іванаўскага раёна прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне дзяржаўнай мяжы, яна мусіць заплаціць штраф — 230 рублёў. Дарэчы, яе тавар быў ацэнены толькі на 11 рублёў.  

Газета “СБ. Беларусь сегодня” дадае, што ў пункце пропуску “Верхні Церабяжоў” затрымалі дваіх жыхароў Століна. Іх знешні выгляд выклікаў падазрэнні ў памежнікаў. Высветлілася, што пад вопраткай мужчыны схавалі 9 кілаграмаў мяса і сала, замацавалі іх на целе скотчам. Цяпер парушальнікам пагражае штраф — ад 690 да 1150 рублёў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі