Беларусь здае пазіцыі ў "Глабальным індэксе міралюбнасці"

17/06/2021 - 07:47
Беларусь апусцілася ў рэйтынгу міралюбнасці на 19 радкоў / economicsandpeace.org

За год Беларусь апусцілася ў "Глабальным індэксе міралюбнасці" на 19 пазіцый. У выніку апынулася на 117 месцы са 163-х магчымых.

Гэты рэйтынг на працягу 15 гадоў складае Інстытута эканомікі і свету. Ён улічвае такія фактары, як узровень згуртаванасці грамадства, захаванне правоў чалавека, палітычная і эканамічная стабільнасць, колькасць зняволеных у турмах, узровень тэрарыстычнай пагрозы, абаронныя выдаткі і ўдзел той ці іншай краіны ў баявых дзеяннях.

Беларусь у гэтым годзе прадэманстравала адно з самых рэзкіх зніжэнняў ў рэйтынгу. Такія ж страты ў 19 пунктаў ёсць толькі ў Шры-Ланкі.

Аўтары даследавання патлумачылі, што на такое піке Беларусі паўплывалі чатыры фактары.

Гэта "пагаршэнне ўзроўню палітычнай стабільнасці, павелічэнне колькасці дэманстрацый з ужываннем сілы, узмацненне ўнутранага канфлікту і пагаршэнне адносін з іншымі краінамі",цытуе ТАСС намесніка дырэктара па навукова-даследчай працы Томаса Моргана.

Беларусь апярэджвае ў "індэксе міралюбнасці" Расію, якую даследчыкі паставілі на 154-е месца. На такую  пазіцыю паўплываў "высокі ўзровень мілітарызацыі Масквы".

Самай міралюбнай краінай свету, па версіі аўтараў праекта, з'яўляецца Ісландыя. Далей ідуць Новая Зеландыя, Данія, Партугалія і Славенія.

Горш за ўсё справы з міралюбнасцю у Афганістана. Гэтая краіна займае апошні 163 радок рэйтынгу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі