Беларусь закупіць вакцыну ад COVID-19 для 2 мільёнаў грамадзян

14/12/2020 - 07:34
Ігар Петрышэнка / з архіву БЕЛТА​

У бюджэце на наступны год прадугледжана каля 50 мільёнаў рублёў на закупку вакцыны ад COVID-19, заявіў у эфіры АНТ віцэ-прэм'ер урада Ігар Петрышэнка

"У праекце бюджэту на наступны год мы запланавалі блізу 50 мільёнаў рублёў на закупку вакцыны — для вакцынацыі пакуль 2 мільёнаў нашых грамадзян, а далей мы будзем шырэй глядзець на гэты аспект", — сказаў ён.

Са слоў Петрышэнкі, працягваецца актыўная праца "з дапамогай расійскіх калегаў над тым, каб у сябе пачаць вытворчасць вакцыны".

Беларусь стала першай з замежных краін, у якой стартавалі клінічныя даследаванні Sputnik-V, расійскай вакцыны ад каранавіруса. Дзеянне прэпарата на сабе выпрабавалі ў тым ліку прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант.  Усяго ў выпрабаваннях расійскай эксперыментальнай вакцыны ўзялі ўдзел каля 100 беларусаў. У пачатку лістапада Лукашэнка даручыў прапрацаваць магчымасць арганізацыі ў Беларусі ўласнай вытворчасці Sputnik-V.

Петрышэнка ў эфіры АНТ таксама расказаў пра аб'ёмы выплат бюджэтнікам у наступным годзе. У прыватнасці, на павышэнне зарплаты нізкааплатным работнікам (дворнікам, нянечкам і іншым катэгорыям) у бюджэце прадугледжана парадку 50 мільёнаў рублёў. Прадугледжаныя на наступны год і сродкі на даплаты медыкам, якія працуюць з пацыентамі з COVID-19.

"У бюджэце на гэтыя мэты зарэзерваваныя 118 мільёнаў рублёў", — сказаў Петрышэнка.

Ён таксама расказаў, што ў наступным годзе мяркуецца павялічыць выдаткі на ахову здароўя (на 6,8%), адукацыю (на 8,2%), культуру, спорт і СМІ (на 7,1%).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі