Беларусь і ЗША пакуль не абмяркоўваюць вяртанне амбасадараў

10/05/2017 - 06:52

Беларусь і Злучаныя Штаты будуць абмяркоўваць вяртанне амбасадараў у Мінск і Вашынгтон, але не ў бліжэйшыя дні. Пра гэта агенцтву ТАСС паведаміў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка падчас працоўнага візіту ў Вашынгтон. 

У 2008 годзе пасля ўвядзення амерыканскіх санкцыяў Беларусь адклікала свайго амбасадара з ЗША і выслала амерыканскага. Пасля чарговых выбараў у ЗША, на думку Краўчанкі, сітуацыя можа змяніцца. "Цяпер тут новая адміністрацыя, так што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца. Але не магу сказаць, што мы будзем абмяркоўваць гэта ўжо заўтра, да гэтага мы яшчэ не дайшлі", — заявіў дыпламат.

Таксама Краўчанка распавёў, што Беларусь і Еўрасаюз пакуль не дамовіліся пра спрашчэнне візавага рэжыму. Перамовы на гэты конт працягваюцца. "Нядаўна ў Бруселі адбыліся кансультацыі на ўзроўні начальніка Галоўнага консульскага ўпраўлення нашага Міністэрства замежных спраў і адпаведных спецыялістаў Еўрапейскай камісіі", — паведаміў ён.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі