"Баяліся, што за Міколам адразу прыедзе БТ"

28/03/2017 - 11:21

Мікола Статкевіч знік за два дні да 25 сакавіка, на якое быў прызначаны мітынг і шэсце. Пазней ён раскажа, што схаваўся на канспіратыўнай кватэры, жадаючы пазбегнуць прэвентыўнага затрымання. Дадому Мікола Статкевіч змог вярнуцца толькі раніцай 27 чысла. За гэты час яго жонку Марыну Адамовіч фактычна пакінулі без сувязі ― не працаваў тэлефон і інтэрнэт.

Адамовіч пайшла на дэманстрацыю адна, была затрыманая і цудам пазбегла арышту. Яна расказала Еўрарадыё, што адбывалася той раніцай, калі муж нарэшце знайшоўся.

"Я ужо, па сутнасці, выбягала з хаты. Мы з адвакатам дамовіліся ў 9 гадзін сустрэцца. Я наняла самага баявога. Запрасіла самага баявога беларускага адваката ― Ганну Бахціну. Яна мае здольнасці ў пошуку людзей. Ссабойку напакавала. Падазравала, што ён у КДБ, разглядала толькі гэты варыянт. Бо ўсе астатнія павялі сябе ў адпаведнасці з законам. Я грукалася ў неадпаведны час, але яны праверылі спісы і заверылі мяне, што Мікалая ў іх няма.

У мяне быў страх, што Мікалая маглі... Ведаеце, як бы брутальна не затрымлівалі на дэманстрацыі, гэта нехта заўсёды бачыць. І гэтага чалавека не ўдасца схаваць, нешта зрабіць з ім.

І вось, я збіралася выходзіць з дому, калі мы раптам з сынам ўбачылі, што зноў не маем сувязі, што нашы тэлефоны зноў не працуюць. Як было ў пятніцу, калі Мікалай знік. З'явілася лёгкая паніка, што пачнуцца ўкіды. Што Статкевіча зараз у Парыжы пакажуць, як ён па вуліцах прагульваецца. Мы хацелі кінуцца да суседзяў, каб ад іх паведаміць пра магчымыя правакацыі. Але раптам прыехала таксоўка, адтуль выйшаў Мікола. Са шчацінкай, шэранькі. Тады адразу з'явіўся другі страх. Што зараз за ім прыедуць бэтэшнікі, якія будуць здымаць сюжэт пра тое, што ён тут, у хаце хаваўся ўсе гэтыя дні.

Потым з'явілася сувязь. Пачалі званіць журналісты і некаторыя ведалі раней, чым мы. Відаць, нейкі ўкід быў, альбо неяк іначай яны даведаліся. Яшчэ я хачу сказаць, Мікола пакуль сам не ведае, што тры чалавекі з нашай партыі цяпер недаступныя. Гэта Сяргей Кулініч, які быў арыштаваны, як я разумею, адначасова з Мікалаем. Жонцы пазней сказалі, што ён у СІЗА КДБ. Яшчэ Сяргей Кунцэвіч, якога ў прапагандысцкім сюжэце паказалі. Сяргей Марцэлеў, які знік 25-га".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі