Барысаўскі суд асудзіў палкоўніка на два гады калоніі

25/07/2018 - 16:19

25 ліпеня суд Барысаўскага раёна вынес прысуд па справе палкоўніка Г., начальніка службы бяспекі сувязі аддзела сувязі штаба Паўночна-заходняга акруговага камандавання, паведамляе сайт Вярхоўнага суда.

Інцыдэнт, пра які ідзе гаворка, адбыўся, калі абвінавачаны служыў камандзірам 60-га асобнага палка сувязі штаба ПЗАК. Ён ведаў пра выпадак дзедаўшчыны ў падпарадкаванай яму вайсковай часці, але не зарэгістраваў паведамленне пра злачынства, не паведаміў старэйшаму камандзіру, не прызначыў службовае расследаванне, не арганізаваў і не прызначыў праверку. Таксама ён не паведаміў пра гэтае злачынства пракурору Мінскай вобласці і не пачаў крымінальную справу. 

Яму прысудзілі два гады пазбаўлення ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама ён павінен заплаціць дзяржаве штраф у 8575 рублёў (350 базавых велічыняў). Акрамя таго, ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на 5 гадоў.

Да суда палкоўнік знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Пасля вынясення прысуду яго ўзялі пад варту адразу ў зале суда. 

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным заканадаўствам парадку.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі