Аўтар "СБ" прапанаваў знішчыць у Беларусі нямецкія могілкі

15/07/2021 - 07:27
Могілкі нямецкіх салдат Другой сусветнай вайны ў Брэсцкай вобласці​ / sb.by

Калумніст праўладнага выдання "СБ-Беларусь Сегодня" Юрый Церах прапанаваў знішчыць у Беларусі могілкі, дзе пахаваныя нямецкія салдаты, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны.

Ён мяркуе, што так паступаць з пахаваннямі можна, таму што "ідзе вайна" — "праз санкцыі, падрыхтоўку экстрэмістаў, расхістванне грамадства, спробы задушыць краіну без фармальнага абвяшчэння вайны". І Германія, па адчуваннях Цераха, прымае ў гэтай вайне непасрэдны ўдзел. Да таго ж недастаткова добра сочыць за пахаваннямі савецкіх воінаў на сваёй тэрыторыі.

"Можа, нам варта з усёй павагай сабраць усе гэтыя астанкі салдат вермахта і адправіць іх таварным вагонам на радзіму дзядулі Гітлера? Ім там мясцовыя неанацысты на магілах свастыкі маляваць стануць, і ўсе будуць задаволеныя, — піша Церах. — Ну а праўда, навошта ім ляжаць у беларускай зямлі? Яны прынеслі нашаму народу толькі гора і смерць, але пахаваныя тут. Як па мне, іх адпачынак некалькі зацягнуўся. Ды і зямля нібы як не бясплатная, а так выходзіць, што яны яе кавалачак усё ж захапілі".

Юры Церах / sb.by

На тэрыторыі Беларусі знаходзіцца некалькі могілак, дзе пахаваныя нямецкія салдаты і афіцэры, якія загінулі тут падчас Другой сусветнай вайны. Арганізаваная праца па перапахаванні вядзецца з пачатку нулявых гадоў. Займаецца гэтым грамадская арганізацыя "Народны саюз Германіі па доглядзе за ваеннымі пахаваннямі".

Яна супрацоўнічае, у тым ліку, і з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. У лістападзе 2020 года "Гродзенская праўда" надрукавала вялікі рэпартаж аб раскопках ваенных пошукавікаў ў Свіслацкім раёне.

Старшы інструктар спецыялізаванай пошукавай роты прапаршчык Аляксандр Каралевіч распавядаў, што парэшткі перададуць "народнаму Саюзу Германіі для наступнага перапахавання на мемарыяльных могілках, што недалёка ад пасёлка Бяроза Брэсцкай вобласці".

У пошуку астанкаў нямецкіх салдат дапамагаюць байцы 52-га батальёна Мінабароны РБ / grodnonews.by

На могілках у Бярозе няма індывідуальных магіл, расказвала ў рэпартажы з Брэсцкай вобласці "КП у Беларусі". Імёны пахаваных салдат выбітыя на плітах, якія стаяць уздоўж алеі. Тады ж журналіст выдання адзначаў, што пошукавыя работы вядуцца і ў Германіі — штогод перепахоўваюць каля 120 - 140 чырвонаармейцаў. Усяго ў Германіі 3600 воінскіх пахаванняў абедзвюх сусветных войнаў, дзе спачывае каля 760 тысяч грамадзян былога СССР. 

Імёны пахаваных салдат выбітыя на плітах, якія стаяць уздоўж алеі / kp.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі