Астапеня: нават тыя беларусы, хто падтрымлівае вайну, не гатовыя ваяваць

06/05/2022 - 14:46

Вынікі апытання Chatham House пададуцца вам абсалютна лагічнымі, калі ведаць кантэкст асаблівасцяў медыяспажывання беларусаў. У Беларусі ёсць людзі, якія глядзяць і цяпер расійскае тэлебачанне — і часткова маюць адпаведныя палітычныя погляды. Гэта варта проста прызнаць і думаць, што з гэтым рабіць.

— Калі вы на нешта спадзяваліся — было не варта. Але калі нечага баяліся — дык і баяцца таксама было не варта. У апытанні мы бачым, што беларускае грамадства падзеленае ў залежнасці ад таго, якім чынам ставіцца да дзеянняў Расіі. Ёсць 40%, якія кажуць, што выразна не падтрымліваюць дзеянні Расіі, ёсць 32%, каторыя падтрымліваюць, і ёсць 28%, якім цяжка вызначыцца з сімпатыямі да таго ці іншага боку, — кажа ў эфіры Еўрарадыё дырэктар “Беларускай ініцыятывы” Chatham House Рыгор Астапеня.

Ён дадае, што калі прыняць асаблівасці беларускага медыяспажывання, не забывацца на тое, што незалежныя медыя былі папросту знішчаныя, дык вынікі апытання пададуцца цалкам пазітыўнымі. Бо, нягледзячы на ўсё гэта, частка беларусаў застаецца ў цвярозым стане, зазначае Астапеня.

Але ж як міралюбныя беларусы ўвогуле могуць падтрымліваць вайну?

— Гэтыя людзі глядзяць расійскую прапаганду і думаюць, што ва Украіне валадараць нацысты. Для іх, пэўна, вайна супраць нацыстаў мае права на быццё, для іх, падаецца, гэта цалкам справядлівае абгрунтаванне ваенных дзеянняў. І менавіта ж таму расійская прапаганда выкарыстоўвае аргумент пра нацызм. Таму што гэта адзінае тлумачэнне, якое эмацыйна можа матываваць іх прыхільнікаў.

А ці гатовыя “прыхільнікі” самі пайсці ваяваць? Сацыёлагі пыталіся ў рэспандэнтаў, што яны будуць рабіць у выніку ўдзелу Беларусі ў ваенных дзеяннях.

— Тады 9% адказалі, што гатовыя ўступіць у рады беларускай арміі. І гэта дэкларацыя — насамрэч іх будзе менш. Падтрымка ваенных дзеянняў латэнтная, з канапы. Я на канапе — а вы можаце ваяваць.

Такім чынам, казаць пра нейкі мілітарысцкі настрой у беларускім грамадстве нельга.

Астапеня зазначае, што тыя беларусы, што падтрымліваюць вайну, адначасова і прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. Ён зазначае, што спецыялісты задавалі досыць шырокі спектр пытанняў, каб выявіць супадзенні.

Поўную версію размовы глядзіце на канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі