Ашмянская мытня: Фуры Кіркорава прайшлі мытны дагляд за паўтары гадзіны

24/03/2016 - 09:17

Супрацоўнікі Ашмянскай мытні абвяргаюць звесткі, быццам затрымалі фуры з канцэртным рэквізітам Філіпа Кіркорава на палову сутак. Сам расійскі артыст заяўляў, быццам праз дзеянні беларускіх мытнікаў ён вымушаны на адны суткі перанесці канцэрты ў Вільні і Клайпедзе. Таксама Кіркораў паведамляў, што на мытным пункце "Каменны Лог" яго пратрымалі больш за гадзіну.

Беларускія мытнікі прымусілі Кіркорава перанесці канцэрты ў Літве

Але начальнік Ашмянскай мытні Васіль Шостак адмаўляе абвінавачванні ў зрыве канцэрту Кіркорава. У каментары сайту kraj.by начальнік мытні паведаміў, што чатыры фуры з канцэртным рэквізітам Кіркорава прайшлі мытны дагляд за 1 гадзіну 34 хвіліны.

"Сам спявак праязджаў ноччу 23 сакавіка па "зялёным калідоры". Мытнікі наогул да яго не падыходзілі. Дакументы правяралі памежнікі. Што датычыць фураў Кіркорава, то на пункт мытнага афармлення яны заехалі 23 сакавіка ў 10.57. З 11.13 да 11.19 быў пройдзены пашпартны кантроль. У мытным дачыненні грузавікі афармляліся з 12.15 да 12.31. І былі пастаўленыя на выезд у Літву. Што было з гэтымі фурамі далей — гэта ўжо пытанні не да Ашмянскай мытні", — заяўляе Шостак.

Дарэчы, памежнікі таксама абвяргаюць словы Кіркорава пра доўгае праходжанне кантролю на мяжы. Па іх словах, Кіркораў заехаў у "зялёны калідор" 23 сакавіка ў 4.20, а пакінуў яго ў 4.40. Такім чынам, памежнікі выдаткавалі на праверку яго дакументаў 20 хвілін.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі