Асабісты вораг ці “апраўданне чыноўнікам”? Чаму сёлета не будзе фэсту Mirum

23/08/2018 - 12:47

Фестываль Mirum ля сцен Мірскага замка сёлета не адбудзецца. Арганізатары скардзяцца на свавольства чыноўнікаў. Маўляў, тыя разыгралі двуххадовачку: спачатку зрабілі ўмовай правядзення фестывалю арэнду некалькіх пляцовак каля замка, а пасля адмовілі ў арэндзе гэтых пляцовак.

У заяве арганізатараў “Мірума” гаворыцца пра асабістую непрыязнасць да праекта з боку намесніка дырэктара музея Мірскага замка Аляксандра Беразоўскага. Што праўда, такога чалавека ў музеі ўвогуле няма: намдырэктара завуць не Аляксандрам, а Сяргеем. Ёсць там і Аляксандр, але гэта дырэктар музея, і яго прозвішча ― Лойка. Ці не спрабуюць арганізатары Mirum схаваць сапраўдныя прычыны, па якіх памірае фестываль, пад добра ўсім зразумелай бюракратыяй? Маўляў, гэта не мы дрэнныя, гэта чыноўнікі накасячылі, як заўжды ў Беларусі...

Даволі дзіўна абвяшчаць некага асабістым ворагам фестывалю, але пры гэтым блытаць яго імя. Таму Еўрарадыё вырашыла высветліць, у чым сутнасць канфлікту, наўпрост у Сяргея Беразоўскага. Ён пацвярджае, што музей не прадаставіў свае плошчы для правядзення фестывалю. Але падкрэслівае: ён і не абавязаны быў гэта рабіць.

"Вось я вам магу зачытаць пастанову райвыканкама: дазволіць правядзенне фестывалю Mirum з 18 па 19 жніўня 2018 года на тэрыторыі кафэ-бара "Мірум". Тут няма ніякіх патрабаванняў, што нашы ўстановы мусяць прадаставіць нейкія плошчы.

Што тычыцца заяваў наконт асабістай непрыязнасці пытайцеся ў арганізатараў. Гэта яны пра гэта сказалі. Спытайце ў арганізатараў, ці звярталіся яны ў музей, удакладніце ў іх наконт арганізацыі дадзенага фестывалю".

Калі верыць чыноўніку, адміністрацыя раёна дала дазвол на правядзенне фестывалю Mirum у аднайменнай кавярні, а пра іншыя пляцоўкі, якімі распараджаецца музей Мірскага замка, не паклапацілася. А музей і арганізатары фестывалю не змаглі дамовіцца.

Арганізатары фэсту Mirum ад каментарыяў адмаўляюцца. Маўляў, мы сказалі ўсё, што хацелі. Падобна на тое, што сітуацыя сапраўды стала вынікам міжасабовага канфлікту, які цяпер не хоча раздзімаць ні дырэкцыя музея, ні дырэкцыя фестывалю.

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбака ўвогуле прымае журналіста Еўрарадыё за арганізатара фестывалю. Ён шчыра не разумее, у чым праблема, і кажа, што з боку адміністрацыі раёна ніякіх перашкод у правядзенні “Мірума” не было:

"Узгадняйце з Мірскім замкам. Я не ўдзельнічаю ў гэтых працэдурах. Я нічога не забараняю. Вы ўзгадніце, і вырашайце праблемы. Вы не прыплятайце мяне сюды. Што вам трэба наогул? Дазвол ці што? Я не ведаю, пра што вы кажаце. І не ведаю як і што арандоўваць.

Там ёсць суб'ект гаспадарання, дамаўляйцеся з ім. Ёсць кафэ "Мірум", ёсць адна пляцоўка, другая пляцоўка. Калі ласка. Але рабіце так, каб гэта было прыемна людзям. Каб гэта было эканамічна абгрунтавана вам, і, прынамсі, неяк прызнана нашымі гасцямі. Што трэба ад мяне? Я сёння даручу памочніку. Што трэба ад мяне? Я ўсё дазваляю, скажыце вы ім! Няхай займаюцца, гэта ж дробязнае пытанне".

Дробязнае пытанне, але вырашыць яго арганізатары фэсту і чыноўнікі не змаглі. А ў выніку Беларусь пазбавілася аднаго з самых прыгожых музычных фэстаў. І ці вернецца ён пад сцены Мірскага замка ― невядома.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі