Апублікаваны папярэдні спіс забароненых у Расіі турэцкіх прадуктаў

30/11/2015 - 04:49

Апублікаваны папярэдні спіс забароненых у Расіі турэцкіх прадуктаў. Газета "Известия" спасылаецца на крыніцы ў расійскім міністэрстве сельскай гаспадаркі. У спіс увайшлі: астуджанае і замарожанае мяса буйной рагатай жывёлы, мяса і харчовыя субпрадукты свойскай птушкі, мяса салёнае ў расоле, сушанае або вэнджанае мяса, малако і малочная прадукцыя, у тым ліку тварог і сыр, а таксама безлактозная прадукцыя, уся рыба, морапрадукты (малюскі і ракападобныя), арэхі і садавіна, гародніна (у тым ліку ядомыя карняплоды і клубняплоды), ягады і зеляніна.

Адзначаецца, што расійскі ўрад забароніць увозіць гэтыя прадукты з Турцыі. Чакаецца, што да 1 снежня будзе апублікаваны ўвесь пералік эканамічных санкцый, якія Масква ўводзіць супраць Анкары. Нагадаем, 24 лістапада турэцкая авіяцыя збіла на сірыйска-турэцкай мяжы расійскі ваенны самалёт Су-24. Пілот загінуў, а штурмана ўдалося выратаваць. Падчас выратавальнай аперацыі загінуў расійскі марскі пехацінец-кантрактнік.

Турэцкія ўлады заявілі, што расійскі самалёт, які ўдзельнічаў у аперацыі ў Сірыі, на некалькі секундаў увайшоў у паветраную прастору Турцыі і не рэагаваў на папярэджанні. Расійскі бок сцвярджае, што парушэння турэцкай паветранай прасторы, як і папярэджанняў, не было, а самалёт збілі над Сірыяй. Выбухнуў міжнародны скандал. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган выказаў шкадаванне з нагоды інцыдэнта, але адмовіўся прасіць прабачэння за збіты самалёт. 28 лістапада Уладзімір Пуцін увёў эканамічныя санкцыі супраць Турцыі.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі