Аператарка "Белсата" не выйшла на волю пасля сямі сутак арышту

23/11/2020 - 06:02

Аператарка тэлеканала "Белсат" Дар'я Чульцова не выйшла на волю пасля сямі сутак арышту. 

Дзяўчыну затрымалі 15 лістапада разам журналісткай Кацярынай Андрэевай падчас стрыму з "Плошчы Перамен". Іх судзілі ў адзін дзень і прызначылі сем сутак арышту. 

Падчас адбыцця арышту Андрэевай выставілі абвінавачанне ў "масавых беспарадках" (ч. 1 арт. 342). Мерай стрымання ёй прызначылі два месяцы арышту.

Можна меркаваць, што такое ж абвінавачанне выставілі і Чульцовай, піша намеснік дырэктара "Белсата" Аляксей Дзікавіцкі. Пры гэтым ён дадае, што адвакат аператаркі даў падпіску аб неразгалошванні. 

Таксама за кратамі застаецца затрыманая на мінулым тыдні журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч. Яе падазраюць у разгалошванні медыцынскай таямніцы, што пацягнула істотную шкоду. Паводле папярэдніх звестак, Барысевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі