Амбасада Украіны накіравала ноту пратэсту ў МЗС Беларусі

17/01/2023 - 14:50
Ігар Кізім / Еўрарадыё

Амбасада Украіны накіравала ў беларускае Міністэрства замежных спраў ноту пратэсту. Пра гэта ўкраінскі амбасадар Ігар Кізім напісаў у сацсетках.

Нагодай для пратэсту стаў тэлесюжэт, паказаны напярэдадні на тэлеканале "Беларусь 1" у праграме Кацярыны Ціхаміравай. У ім распавядалася пра грузіна Георгія Заракішвілі, які накіроўваўся ва Украіну, каб ваяваць за яе. Аўтары сюжэту назвалі ўкраінскую амбасаду "вярбовачным цэнтрам" для адпраўкі "наёмнікаў" ва Украіну.

"Такім, як Кацюша, і іх куратарам хацелася б сказаць: ужо калі вы кажаце пра нібыта "замежных наймітаў" ва Украіне (замежнікі, якія ваююць у рэгулярным украінскім войску выключна для абароны ўкраінскага народа ад расійскіх захопнікаў), то варта сказаць і пра расійскіх прызыўнікоў-"мобікаў", якія цяпер праходзяць падрыхтоўку на беларускіх палігонах і адпраўляюцца ваяваць на ўкраінскі Данбас ды іншыя ўкраінскія тэрыторыі забіваць украінцаў, у тым ліку і бацькоў дзяцей, пра якіх гаворыцца ў паказаным сюжэце. А яшчэ было б трэба сказаць пра тых 453 украінскіх дзяцей, якія былі забітыя расійскімі вайскоўцамі з 24 лютага 2022 года, як і пра ўкраінцаў, якія гінуць ад расійскіх ракетных нападаў і абстрэлаў мірных украінскіх гарадоў амаль кожны дзень. Чаму б не распавесці пра гібель 44 людзей (у тым ліку 5 дзяцей) ад аднаго ракетнага ўдару расіян па жылым домк ў Дняпры 14 студзеня? Чаму так "гучна" маўчаць пра гэтае злачынства? Паспрабую адказаць. Для гэтага трэба быць сумленным журналістам, а не прадажным "прапагандыстам" на падтанцоўках у сваіх расійскіх куратараў", — каментуе Ігар Кізім сюжэт БТ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі