Бакі абмеркавалі гандаль, інвестыцыі і турызм, а таксама сумесныя праекты з удзелам аманскага капіталу
Аман упершыню ў сваёй гісторыі прызначыў амбасадара з рэзідэнцыяй у Мінску. Пра гэта 25 верасня ў Нью-Ёрку заявіў міністр замежных спраў краіны Бадр бін Хамад бін Хамуд аль-Бусаіды на сустрэчы з кіраўніком МЗС Беларусі Максімам Рыжанковым. Паводле інфармацыі беларускага МЗС, новы амбасадар неўзабаве прыедзе ў Беларусь.
Бакі абмеркавалі гандаль, інвестыцыі і турызм, а таксама сумесныя праекты з удзелам аманскага капіталу — у тым ліку стварэнне ў Беларусі зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі для харчовай галіны і дзіцячага харчавання. Таксама гаварылі пра культурныя і адукацыйныя абмены і рост цікавасці грамадзян Амана да медыцынскіх паслуг у Беларусі. Асобна Мінск і Маскат плануюць працаваць над запускам прамога авіязлучэння.
Беларусь і Аман у лютым 2026 года дамовіліся адкрыць амбасады ў Мінску і Маскаце. З 17 сакавіка паміж краінамі дзейнічае пагадненне аб бязвізавым рэжыме, падпісанае падчас візіту султана Амана Хайсама бін Тарэка Аль Саіда ў Мінск у кастрычніку 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут