Аляксандр Лукашэнка паабяцаў прыязджаць ва Украіну на трактары

26/04/2017 - 11:44

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь будзе працаваць дзеля міру ва Украіне. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам на Чарнобыльскай АЭС. 

"Украінцы ніколі для беларусаў не былі чужымі людзьмі. Падабаецца гэта камусьці ці не падабаецца (ва Украіне, а можа быць, і ў Беларусі. Балазе, што амаль няма такіх у нас), але мы родныя людзі. Мы заўсёды жылі разам, асабліва на гэтай тэрыторыі. Нас ніхто не можа падзяліць", — цытуе прэс-служба словы Лукашэнкі.

"Мы родныя людзі, мы можам толькі прыйсці да вас ці, як я казаў, прыехаць на трактары, дапамагчы вам араць зямлю, калі гэта трэба", — заявіў беларускі кіраўнік, звяртаючыся да Парашэнкі.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе працаваць толькі дзеля міру. Па яго словах, гэта пазіцыя ўсяго беларускага народа. "Як мага хутчэй трэба спыніць гэтыя міжусобныя звадкі, спыніць высвятленне адносін са зброяй, глядзець з асцярогай адзін на аднаго. у нас выдатная, залатая зямля, на якой заўсёды жылі ў дастатку нашы людзі", — падкрэсліў ён.

Кіраўнік Беларусі выказаў гатоўнасць і надалей спрыяць мірнаму ўрэгуляванню ва Украіне. Па яго словах, украінская зямля асабіста для яго таксама не чужая. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі