Алігарх Плахатнюк пасля правалу перавароту ў Малдове пакінуў краіну

15/06/2019 - 10:24

Лідар Дэмакратычнай партыі Малдовы Уладзімір Плахатнюк з'ехаў з краіны пасля няўдалай спробы перавароту. Як паведамляе newsmaker.md, 14 чэрвеня ў аэрапорце Кішынёва прызямліліся 5 прыватных самалётаў, якія пасля вылецелі ў Расію і Украіну.

Прэс-служба ДПМ пацвердзіла, што Плахатнюк сапраўды пакінуў краіну.

"У сувязі са спекуляцыямі, якія з'явіліся ў СМІ, аб так званым знікненні лідара ДПМ адзначаем, што Уладзімір Плахотнюк з'ехаў на некалькі дзён з краіны да сваёй сям'і", — гаворыцца на сайце партыі.

Адначасова з Плахатнюком Малдову пакінуў і ягоны саюзнік, іншы дэпутат парламента, ізраільска-малдаўскі бізнэсовец і фігурант шматлікіх крымінальных спраў Ілан Шор з сям'ёй. 

Плахатнюк быў фактычным "гаспадаром" Малдовы і мог распараджацца палітыкамі і судовай сістэмай. Ён кантраляваў суды аж да Канстытуцыйнага і сілавыя структуры, супрацоўнікі якіх мелі ценявыя заробкі і таму служылі алігарху болей, чым дзяржаве.

Сёлета на парламенцкіх выбарах у краіне практычна пароўну атрымалі мандаты прадстаўнікі праеўрапейскага блоку ACUM, прарасійская Партыя сацыялістаў і ДПМ. Спробы Дэмпартыі стварыць каліцыю з ACUM ні да чаго не прывялі. У выніку праеўрапейскія і прарасійскія сілы аб'ядналіся супраць "клана Плахатнюка".

Алігарх у сваю чаргу задзейнічаў рычагі ўплыву на Канстытуцыйны суд і дамогся рашэння аб роспуску парламента, бо той не змог своечасова прызначыць урад. Парламент праігнараваў гэтае рашэнне, а ў Малдове пачаліся акцыі пратэсту з мэтай падтрымаць дэпутатаў.

У падтрымку "антыалігархічнай" кааліцыі выступілі ЕС, ЗША, Расія. Дэмпартыя была адхіленая ад улады. На фоне гэтых падзеяў Плахатнюк пакінуў краіну.

Малдова — краіна з насельніцтвам 3,3 мільёна чалавек. Сярэдні заробак — каля 400 долараў, ён адзін з самых нізкіх у Еўропе. Падзенне ўзроўню жыцця і беспрацоўе выклікалі масавую эміграцыю малдаван у краіны Еўропы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі