Афіцыйны візіт Лукашэнкі ва Украіну завяршыўся

21/07/2017 - 16:43

Увечары 21 ліпеня завяршыўся афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну. Самалёт кіраўніка Беларусі вылецеў у Мінск, перадае БЕЛТА.

У Кіеве Лукашэнка правёў афіцыйныя перамовы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Яны абмеркавалі рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых на сустрэчы ў красавіку 2017 года, а таксама пазначылі новыя напрамкі для развіцця супрацоўніцтва. Сярод іншага абмяркоўваліся магчымасці ўзаемадзеяння ў энергетыцы і сферы энергарэсурсаў, пытанні памежнага супрацоўніцтва.

Па выніках перамоваў былі падпісаныя двухбаковыя дакументы аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.

Таксама ў Кіеве 21 ліпеня прайшоў украінска-беларускі бізнэс-форум. На ім былі заключаныя дамовы на суму больш як 45 млн долараў.

Аднак большасці, відаць, гэты візіт Лукашэнкі запомніцца іншым. Актывістка арганізацыі "Femen" Анжаліна Дзіаш агаліла грудзі на афіцыйнай цырымоніі ў прысутнасці кіраўнікоў дзвюх дзяржаваў. На яе целе быў надпіс "Жыве Беларусь". 

Акрамя таго, падчас прамовы Лукашэнкі страціў прытомнасць кіраўнік Памежнай службы Украіны Віктар Назаранка: яго вынеслі з залы на руках. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі