Афіцыйна: вэб-камер на выбарчых участках у Беларусі не будзе

26/05/2020 - 10:30
Камера назірання / unsplash.com

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Дзмітрыеў звярнуўся ў ЦВК з прапановай абсталяваць участкі для галасавання вэб-камерамі. Палітык атрымаў адказ, сутнасць якога зводзіцца да таго, што сёлета гэта немагчыма.


"З рэспубліканскага бюджэту сродкі на гэта не вылучаліся. У згаданым вамі пазабюджэтным фондзе, які фармуецца за кошт добраахвотных пералічэнняў фізічных і юрыдычных асоб, сродкаў таксама няма", — сказана ў дакуменце за подпісам кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

На думку старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, сцверджанне пра тое, што ініцыятыва не пацягне істотнага павелічэння выдаткаў на выбарчую кампанію, "не заснавана на неабходных фінансавых і тэхнічных расходах".

Раней Дзмітрыеў ужо накіроўваў у ЦВК зварот на тэму аснашчэння сяброў ініцыятыўных груп маскамі і пальчаткамі. Яму адказалі, што маскі і пальчаткі зборшчыкам подпісаў прыйдзецца купляць "за свае" або "за кандыдацкія". Прычына тая ж: такія выдаткі ў бюджэце не прадугледжаны.

Вэб-камеры на выбарчых участках упершыню выкарыстоўваліся на выбарах прэзідэнта Расіі ў 2012 годзе. У дзень выбараў прамая трансляцыя вялася прыкладна з 90 тысяч участкаў, усяго было выкарыстана 182 тысячы камер. Такая сістэма дазволіла добраахвотнікам выявіць мінімум пяць тысяч магчымых парушэнняў выбарчага заканадаўства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі