"Адна справа — вывесці з біткоіна $50, і іншая — гадавую зарплату"

15/12/2017 - 14:22
Фота: cryptonewsmonitor.com

Учора мы распавядалі гісторыі чатырох беларусаў, якія майнілі біткоіны, але рассталіся з імі задоўга да таго, як курс крыптавалюты стаў кожны дзень абнаўляць гістарычны максімум. Сёння — гісторыя Ігара, які ўключыўся ў майнінгавую ліхаманку ў 2011-м і да цяперашняга моманту знаходзіцца "ў добрым плюсе".

Не, Ігар не стаў доларавым мільянерам, але зарабіў дастаткова, каб папрасіць нас не называць яго сапраўднае імя.

Праз пару месяцаў яны ўжо каштавалі ў 10 разоў даражэй

Пра біткоін я даведаўся з паста крутога аналітыка ў ЖЖ, дзе ён усяляк крытыкаваў яго, як лічбавую пародыю на золата. Я ведаю яго асабіста, ён выдатны аналітык, але ёсць месцы, дзе трэба заўсёды ставіць супраць яго прагнозу, бо ў яго ёсць асабістая непрыязнасць — золата.

Прытрымліваючыся гэтай простай логікі, якая ніколі не падводзіла, я купіў першыя біткоіны. Зразумелая справа, не асабліва верачы ў іх перспектыву, але нататка аналітыка гэтага проста патрабавала! Абышліся яны мне ў 2,84 долара за штуку, але і купіў я ўсяго некалькі штук, так што, мільярдэрам не стаў.

Праз пару месяцаў яны ўжо каштавалі ў дзесяць разоў даражэй, але да восені курс зноў упаў да двух долараў. Аналітык радаваўся — бурбалка лопнула!

Фота: Wpapers.ru

Каб купіць лепшую відэакарту, давялося паехаць у Барысаў

Новы этап біткоіна пачаўся праз два гады — у 2013-ым, калі курс пачаў рэзка расці. Тады, па парадзе іншага аналітыка, я прадаў частку біткоінаў па 45 долараў (маўляў, гэта топ піраміды, цяпер усё абрынецца). Люблю нагадваць яму пра гэта! А вясной біткоін ў піку быў ужо даражэйшы 200 долораў. Тады і пачалася майнінгавая ліхаманка, у якой я паспяхова паўдзельнічаў.

Каб купіць лепшую на той час відэакарту, давялося паехаць у Барысаў. Так я стаў уладальнікам ATI Radeon HD 5870. Затым купіў дзве іншыя карты і зрабіў міні-ферму, хоць гэта, вядома, занадта гучна сказана. Засталося фота для гісторыі:

Біткоінавая ферма. Фота з Facebook.

Частку абсталявання адвёз на малую радзіму ў пустуючы пакой, бо гэта шум і гарачыня. Па тэлефоне даваў указанні, якія кантакты замкнуць, каб перазагрузіць сістэму, калі завісала! Курс працягваў падаць, складанасць — расці, відэакарты станавіліся стратнымі. У той жа час пачала з'яўляцца інфармацыя пра распрацоўку "асікаў" — спецыялізаваных прылад для майнінгу, якія маюць значна большую прадукцыйнасць пры меншым энергаспажыванні. Я зрабіў предзамову такой прылады. Інтэрнэт быў вельмі скептычны да такога кшталту авантуры, большасць лічылі гэта скамам, што такіх прылад проста не існуе. Я, як інжынер, быў больш аптымістычны. І такі атрымаў гэты "асік", але на паўгода пазней.

Скамы — слэнгавае слова з мноствам значэнняў, ад "адстой, дзярмо" да "афёра, махлярства". Яно прыйшло з асяроддзя футбольных фанатаў, дзе яно азначала любы негатыў. Гульцы фінансавага рынку называюць так праект, які перастаў плаціць інвестарам (саскаміўся) і знік з іх грашыма ў невядомым накірунку.

Да таго часу складанасць майнінгу зноў вырасла. Увогуле, правільна кажуць, што падчас залатой ліхаманкі прадавай рыдлёўкі. Я палічыў, што больш выгадна прадаць абсталяванне і зарабіць на розніцы, чым майніць. Што я і зрабіў. Яшчэ некаторы час майніў лайткоін, але да восені 2013-га ўсё гэта стала нерэнтабельна, і я прадаў рэшткі фермы. Падлікі паказалі, што да таго моманту на продажы абсталявання я зарабіў больш, чым на майнінгу і росце курсу біткоіна.

І так, вядома, частка біткоінаў засталася на "ўзламаным" майнінгавым пуле 50BTC, згаданым у папярэднім артыкуле, і яшчэ адным пуле для майнінгу лайткоінаў. Ліхаманка — яна такая, трэба ўмець пралічваць рызыкі.

Назіраць цяпер за галіной немагчыма без слёз

Майнінгам я больш не займаўся, рэшткі біткоінов мірна ляжалі на сумна вядомай біржы BTC-e. Улетку 2017-га ўрад ЗША арыштаваў рахункі гэтай біржы, у чарговы раз абкраўшы мяне (да гэтага амерыканскія ўлады канфіскавалі сродкі ўсіх карыстальнікаў адной аплатнай сістэмы, дзе ў мяне захоўвалася невялікая сума). Але ў гэты раз пашанцавала: большая частка сродкаў усё ж была вернутая карыстальнікам, бо арыштаваныя былі толькі банкаўскія рахункі, а крыптавалюта засталася ва ўладальнікаў біржы. Дарэчы, другі аналітык распавядаў страшныя гісторыі пра тое, што мы такое ўжо праходзілі — гэта скам, нічога не вернуць. Таксама цяпер люблю нагадваць яму, што няма чаго са стандартамі казіно-на-курсах-валют лезці з прагнозамі на рынак крыптавалют.

Фота: CoinDesk

Назіраць цяпер за галіной немагчыма без слёз. Мільёны, не валодаючы базавымі інжынернымі і фінансавымі ведамі, спрабуюць нешта каментаваць. Распавядаюць вар'яцкія гісторыі пра перспектывы ўкаранення блокчэйну ў кававаркі. Усе гэтыя скам-праекты на базе ICO і смарт-кантрактаў...

Цяпер я проста назіраю за навінавым хайпам, захоўваю рэшткі нераспрададзеных біткоінаў і пакуль не планую мяняць іх на фіат. Наогул, першапачаткова ставіў сабе мэту $10 тысяч за штуку, але, калі яна была дасягнутая, мне стала лянота разбірацца, як легальна канвертаваць біткоін ў долары. Таму што адна справа — 50 долараў вывесці, і іншае — гадавую зарплату. Падатковая не дрэмле! Згараць, дык згараць (сваё даўно адбіў), падрастуць — таксама добра.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі