Адкуль сярод тых, хто паступае ў БДУ, аказаліся "лішнія" абітурыенты?

07/08/2018 - 14:40

У дакументах, размешчаных на сайце БДУ па выніку заканчэння прыёму заяў — памылкі! Да такой высновы прыйшоў выкладчык матэматыкі, рэпетытар Уладзімір Лазоўскі.

"Колькасць паданых заяў на 18:00 апошняга дня падачы не супадае з колькасцю заяў, якія мы бачым у дакуменце, які з'явіўся на сайце БДУ пазней".

Мы праверылі і пераканаліся: калі ў першым дакуменце пазначана, што на механіка-матэматычны факультэт на 18.00 было пададзена 238 заяў, у другім, выніковым, заяў ўжо 267. На біялагічны факультэт 286 заяў ператварыліся ў 334 заявы, на гістарычным было 129, а стала 139. Адкуль узяліся гэтыя "лішнія" абітурыенты? Не выйшла так, што пасля 18:00 прыёмная камісія працягвала прымаць жадаючых, тым самым, павялічваючы конкурс?

Табліца 1
Табліца 2

"Ці парушыла прыёмная камісія графік прыёму дакументаў, або на сайце размясцілі інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці, — мяркуе Уладзімір Лазоўскі. — У любым выпадку, ствараецца прэцэдэнт для злоўжыванняў".

Версія прыёмнай камісіі

Адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў тлумачыць Еўрарадыё, чаму ў дакументах адрозніваюцца дадзеныя пра колькасць пададзеных заяў:

"У табліцу аб ходзе падачы дакументаў ўнесеныя дадзеныя пра тых, хто рэальна ўдзельнічае ў конкурсе па стане на 18:00. Заявы, якія спачатку абітурыенты прынеслі, а потым забралі да гэтага часу, у гэтую табліцу не ўключаюцца. Але ў журнал рэгістрацыі яны ўнесеныя. Адпаведна, у лік пададзеных заяў яны таксама ўваходзяць і ў дзяржаўную справаздачнасць ідуць. Калі ўзяць той жа мехмат і адняць ад 267 заяў 238, мы даведаемся, што 29 чалавек забралі дакументы да закрыцця журнала ў 18:00".

Але як тады растлумачыць, што на геаграфічным факультэце ў дакуменце па стане на 18:00 было 158 заяў, а затым іх стала менш — 125. Такога проста не можа быць, каб колькасць пададзеных заяў зменшылася.

Табліца 1
Табліца 2

Інфармацыя на сайце ў БДУ — "тэхнічная памылка"?

Каб праясніць сітуацыю, мы накіравалі ліст прадстаўніку Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ўступнымі выпрабаваннямі Кірылу Данілаву. Паводле яго слоў, у зводных табліцах ўсё адпавядае рэчаіснасці.

"Мы вывучылі сітуацыю. Прыведзеныя дадзеныя паказваюць на колькасць залічаных дакументаў і колькасць забраных дакументаў".

Што тычыцца геаграфічнага факультэта, то, па словах прадстаўніка камісіі па кантролі за экзаменамі, "пры размяшчэнні інфармацыі на сайце БДУ адбылася тэхнічная памылка, якая ў цяперашні час выпраўленая. Для выключэння такіх памылак, інфармацыю на сайце абнавілі, дадалі дадатковую графу, каб было ўсё зразумела, колькі залічана, колькі забралі і колькі падалі дакументаў".

Пры гэтым у афіцыйным адказе Камісія па кантролі рэкамендавала БДУ дапоўніць табліцу графой "Удзельнічаюць у рэальным конкурсе".

Мы вярнуліся да апублікаваных на сайце БДУ дакументаў і выявілі: графу аб пададзеных заявах не дадалі, а... выдалілі наогул! Няма графы — памылка выпраўленая?

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі