Адказы на чатыры важныя пытанні пра новыя правілы прызыву ў войска

26/07/2019 - 11:46
БелТА

Аляксандр Лукашэнка 24 ліпеня падпісаў так званы закон аб адтэрміноўках. І ўжо на наступны дзень Мінабароны ў спешным парадку правяло прэс-канферэнцыю аб будучых зменах прызыву ў войска. Прадстаўнікі міністэрстваў абароны і адукацыі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адказвалі на актуальныя пытанні пра новыя правілы. Еўрарадыё сабрала самыя важныя адказы на іх.

1. Я паступіў у гэтым годзе ва ўніверсітэт пасля каледжа. Мяне прызавуць у войска?

Усё залежыць ад таго, калі новы закон уступіць у сілу. Па ім адтэрміноўка для атрымання адукацыі будзе давацца толькі раз. Калі пасля школы ты паступаеш ва ўніверсітэт, ПТВ або каледж, то ты атрымліваеш адтэрміноўку. А вось далей, калі ты ўжо адвучыўся пасля школы ў ПТВ або каледжы, прыйдзецца спачатку адслужыць, а потым вучыцца ў ВНУ. Калі вырашыў паступаць у магістратуру, то таксама прыйдзецца адслужыць.

"Калі закон апублікуюць сёння, 25 ліпеня, то ў сілу закон уступіць ўжо 5 жніўня. Пакуль будуць прыняты арганізацыйныя пытанні з нагоды прызыўной кампаніі, пакуль будуць прыняты рашэнні мясцовых размеркавальных органаў. У залежнасці ад прынятых рашэнняў на месцах прызыўныя камісіі пачнуць дзейнічаць з розных дат. Ад даты пачатку работы прызыўной камісіі будзе залежаць, скарыстаюцца грамадзяне правам адтэрміноўкі па старым законе або па новым. У кожным выпадку прызыўная камісія будзе прымаць рашэнне індывідуальна", — растлумачыў кансультант 1-га ўпраўлення галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба Андрэй Мурашоў.

Галоўнае ўдакладненне — закон прадугледжвае захаванне толькі раней дадзеных адтэрміновак. Ён не дае аўтаматычнага права на адтэрміноўку па новых правілах тым, хто ў гэтым годзе паступіў у навучальныя ўстановы:

"Гэта ключавы момант. Напрыклад, малады чалавек паступіў у мінулым годзе, тэрмін навучання — чатыры-пяць гадоў. Вядома, яму дадуць давучыцца і атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. А малады чалавек, які ў гэтым годзе паступіў і дэ-юрэ стане студэнтам толькі з 1 верасня, 5 жніўня будзе разглядацца прызыўной камісіяй, у якой не ўзнікне падстаў даць адтэрміноўку", — адзначыў Андрэй Мурашоў.

Пры гэтым начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч растлумачыў, што залічэнне студэнтаў афіцыйна праходзіць у канцы ліпеня і пачатку жніўня:

"Залічэнне студэнта фіксуецца пасля пасяджэння прыёмнай камісіі загадам рэктара. Гэтыя даты вельмі ўмоўныя. Калі мы гаворым пра бюджэтнікаў, то такі загад з'явіцца да 28 ліпеня. У асобных выпадках залічэнне ўжо магло адбыцца. На платнае аддзяленне — да 6 жніўня, адпаведна, залічэнне адбываецца 5-га ці раней".

Улічваючы, што закон на 26 ліпеня яшчэ не апублікаваны, атрымліваецца, што ўсе студэнты паступілі і залічаны будуць яшчэ падчас дзеяння старых нормаў прызыву. Падобна на тое, што ў гэтым годзе падчас прызыўной кампаніі варта чакаць хаосу і неразбярыхі.

Прызваных з вучобы студэнтаў у ВНУ будуць адпраўляць у спецыяльны адпачынак з прычыны тэрміновай службы ў войску:

"Прызыўнікі змогуць узяць адпачынак на час тэрміновай вайсковай службы. На яго нават могуць разлічваць першакурснікі, якія, дарэчы, не маюць права на акадэмічны адпачынак. Пасля яны змогуць вярнуцца на вучобу, за студэнтамі захаваюць месца ва ўніверсітэце", — запэўніў Сяргей Каспяровіч.

2. Паступаю сёлета ў магістратуру. Я падпадаю пад прызыў?

Так. Тых, хто паступіў у гэтым годзе ў магістратуру, ужо на восеньскім прызыве будуць разглядаць як прызыўнікоў. Бо ў іх ужо была адна адтэрміноўка. ВНУ дасць ім адпачынак на час праходжання службы, пасля чаго магістранты змогуць вярнуцца да вучобы.

І ў Мінабароны, і ў Мінадукацыі лічаць, што магістратура не абавязковая ступень адукацыі. На іх думку, раней туды паступалі мужчыны, якія спрабавалі "адкасіць" ад войска і займалі патрэбныя іншым месцы.

"Давайце глядзець праўдзе ў вочы. Хто ў нас паступаў у магістратуру і аспірантуру? Толькі тыя, хто хацеў ухіліцца ад службы ва Узброеных сілах. І гэта праўда. Хто з іх абараніў дысертацыі? Давайце паглядзім статыстыку — далёка не 100 %. Так, 1 % — гэта менавіта тыя хлопцы, якія заточаны на навуку. Міністэрства адукацыі і прыняло рашэнне, што магістратура будзе навукова-арыентаваная. Не для таго, каб гэта была шчыліна не служыць, а каб хлопцы працавалі для навукі", — лічыць Ігар Мартынаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Таксама магістранты змогуць прайсці службу ў рэзерве. У гэтым выпадку яны нават могуць завяршыць навучанне па індывідуальным плане, без перапынку:

 

"У магістратуру на бюджэт ідзе каля 3 тысяч чалавек. Палова — дзяўчаты, палова юнакоў будзе не прыдатная да службы, застанецца каля 700 чалавек. Яны могуць служыць у рэзерве", — заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Бобрыкаў.

Пры гэтым маладым навукоўцам, занятым важнымі даследаваннямі, могуць даць адтэрміноўку па ўказе Аляксандра Лукашэнкі. Аказваецца, універсітэты могуць адпраўляць хадайніцтвы экспертнаму савету і прасіць аб адтэрміноўцы для канкрэтных людзей.

3. Заканчваю каледж і планую паступіць адразу на 3 курс ВНУ. Я змагу давучыцца без прызыву ў войска?

Не. Больш няма выключэнняў для выпускнікоў каледжаў, якія паступаюць на скарочаную форму навучання ва ўніверсітэце. Сваё права на адзіную адтэрміноўку вы ўжо выкарысталі, калі вучыліся ў каледжы. Так што калі ты прыдатны да вайсковай службы, то цябе спачатку забяруць у войска, а ўжо пасля службы зможаш вярнуцца на вучобу ва ўніверсітэт.

4. Мне могуць забараніць выезд з краіны, калі я не прыйшоў у ваенкамат?

Так, табе могуць абмежаваць выезд з краіны. Рашэнне прымае ваенны камісар. Дзейнічае яно, пакуль прызыўнік не з'явіцца ў ваенкамат.

Справа ў тым, што новы закон цяпер дзеліць ухілістаў на дзве катэгорыі. Першая — гэта маладыя людзі, што атрымалі на рукі павесткі, але ўсё роўна не з'явіліся ў ваенкамат. Яшчэ з 2007 года такім прызыўнікам ваенкаматы абмяжоўваюць выезд за мяжу.

Другая катэгорыя з'явілася дзякуючы новаму закону. Гэта тыя, хто не паведаміў загадзя ваенкамату аб змене месца жыхарства. Яны таксама будуць прыраўноўвацца да тых, хто ўхіляецца ад прызыўных мерапрыемстваў. Бо ў ваенкаматаў няма магчымасці ўручыць ім павестку: невядома, дзе прызыўнік знаходзіцца. А ён жа, на думку ваенкамата, ведае, што падпадае пад прызыў. Значыць, наўмысна ўхіляецца ад службы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі