Ад укусаў кляшчоў пацярпелі ўжо больш за 1400 беларусаў

25/04/2018 - 18:01

Па меддапамогу пасля ўкусаў кляшчоў сёлета звярнуліся ўжо больш за 1400 чалавек. Такую лічбу назваў загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Пашковіч, піша sb.by.

Спецыяліст паведаміў, што кляшчы актывізуюцца пасля таго, як тэмпература паветра пераадольвае адзнаку +5 градусаў.

"Сёлета ў нас крыху ссунуўся пачатак клешчавога сезона. У сакавіку было 23 звароты — толькі 4% да ўзроўню мінулага года. Але за красавік мы маем ужо больш за 1400 зваротаў, што на 4% ніжэй, чым летась. Гэта значыць, мы ўжо практычна дагналі мінулы год па зваротах", — канстатаваў эксперт.

Каля 60% укусаў кляшчоў фіксуюць у сельскай мясцовасці.

У Беларусі кляшчы перадаюць дзве інфекцыі — хваробу Лайма і клешчавы энцэфаліт. За год у сярэднім у нашай краіне рэгіструюць каля 130 выпадкаў клешчавога энцэфаліту і каля 1600 выпадкаў хваробы Лайма. Праўда, рызыка захварэць пасля ўкусу кляшча не вельмі высокая: толькі адзін з 350 укусаў заканчваецца клешчавым энцэфалітам і адзін з 25 — хваробай Лайма.

Дарэчы, клешчавы энцэфаліт перадаецца таксама праз малако — у першую чаргу казінае. Летась было зарэгістравана пяць такіх выпадкаў у Гродзенскай і Мінскай абласцях. Тут абарону можа забяспечыць кіпячэнне малака.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі