Абаронцы Курапатаў адстаялі першую ноч

21/02/2017 - 06:22

Актывісты, якія абараняюць Курапаты ад забудовы, адстаялі на вахце першую ноч, перадае Радыё "Свабода". Зранку да іх далучыўся лідар "Маладога фронту" (зарэгістраванага ў Чэхіі) Зміцер Дашкевіч. Напярэдадні ён быў у Курапатах зранку да ночы і быў збіты будаўнікамі.

Як паведамляла Еўрарадыё, каля мемарыяльнага комплексу Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, будуюць офісны цэнтр. Па словах актывістаў, пры гэтым забудоўваюць частку тэрыторыі мемарыялу. У Міністэрстве культуры чыноўнікі заяўляюць, што парушэння ахоўных межаў няма.

У першы дзень абаронцы Курапатаў адцягвалі будаўнічыя агароджы. Цяпер будаўнікі пагражаюць актывістам крымінальнай справай за папсаванае жалеза. Па словах Дашкевіча, некаторыя будаўнікі сваімі паводзінамі нагадваюць супрацоўнікаў АМАПа: "Мы-то разлічвалі, што будзе як у 2001 годзе: яны папрацавалі, сышлі — мы разабралі гэта за ноч… А цяпер тут фактычна будаўнікі-амапаўцы: і будуюць, і кідаюцца, і бойкі распачынаюць".

Маладафронтавец кажа, што неабыякавыя людзі прыязджалі да абаронцаў усю ноч, падвозілі гарбату і бліны. Разыходзіцца абаронцы не збіраюцца і маюць патрэбу ў цёплых рэчах.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі