Абама заклікае захаваць санкцыі супраць Расіі

25/04/2016 - 12:57

Прэзідэнт ЗША заклікае захаваць міжнародныя санкцыі супраць Расіі, пакуль яна не выканае мінскія пагадненні. Акрамя таго, Барак Абама афіцыйна абвясціў пра пашырэнне кантынгенту ЗША ў Сірыі, перадае Бі-Бі-Сі.

Заява прагучала падчас яго выступу перад прадстаўнікамі нямецкіх бізнэс-колаў на адкрыцці міжнароднага індустрыяльнага кірмашу Hanover Messe. "Я хачу добрых адносінаў з Расіяй, і я шмат уклаў у адносіны з Расіяй. Але мы мусім пакінуць санкцыі супраць яе ў сіле, пакуль Расія цалкам не выканае мінскія пагадненні", — падкрэсліў Абама.

Мінскія пагадненні ўключаюць пункты аб вывадзе з Данбаса войскаў, вызваленні палонных і зняволеных, прадастаўленні самаабвешчаным рэспублікам на Данбасе асаблівага статусу. Еўропа і Украіна лічаць, што ў гэтыя пагадненні ўключаецца вызваленне ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка. Расія не пагаджаецца з такой умовай. У сваю чаргу расійскі бок заяўляе, што Украіна не спяшаецца надаваць асаблівы статус так званым "ЛНР" і "ДНР".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі