Школьнікі / tvrgomel.by
Мінскія бацькі ў сацыяльных сетках б’юць трывогу: у школах спальных раёнаў і новабудоўляў класы ўшчыльняюць да 38, а часам і да 40 чалавек. Бацькі абураюцца, школы разводзяць рукамі — яны абавязаны прымаць усіх дзяцей паводле прапіскі. Але як у такіх умовах вучыць і вучыцца?
— Гэта вар’яцтва, я б ніколі не пагадзілася працаваць з такой колькасцю дзяцей, — кажа Еўрарадыё настаўніца Таццяна Крапіневіч.
Мы пагаварылі пра тое, чаму беларускія школы трашчаць па швах, чаму сістэма “ўсеагульнага навучання” не ратуе ад перапоўненасці і чаму педагогі масава выгараюць і сыходзяць з прафесіі — часам літаральна за касу супермаркета.
— Цікава, калі я не аддам дзіця ў школу, дзе ў класе 38 вучняў, і пакіну яго дома, да мяне прыйдуць і скажуць, што я дрэнная маці? — піша ў Threads жыхарка Ваеннага гарадка Уручча, якая даведалася пра колькасць вучняў у новым класе свайго сына.
На думку педагога, праблему перапоўненых класаў немагчыма вырашыць простым узвядзеннем новых будынкаў ці кропкавымі мерамі. Патрэбна глыбокая рэформа ўсёй сістэмы адукацыі.
— Тут адным маленькім кропкавым рашэннем не абыдзешся, гэтую сістэму даўным-даўно трэба мяняць, — кажа Таццяна Крапіневіч. — Нават калі мы цяпер рэзка памяняем сістэму адукацыі і пачнём праводзіць нейкія рэформы, усё роўна яшчэ застануцца пытанні. Трэба падымаць прэстыж прафесіі, каб настаўнікі хацелі працаваць, забіраць у іх непатрэбныя функцыі, падымаць заробкі і гэтак далей.
Сёння ж дзяржава выбірае шлях эканоміі, размяркоўваючы бюджэт аднаго настаўніка на велізарны клас, замест таго каб плаціць двум педагогам за якасную працу з меншай колькасцю дзяцей і рабіць усё магчымае, каб вырашыць праблему недахопу кадраў.
За бортам застаецца галоўнае — якасць адукацыі і псіхалагічнае здароўе будучага пакалення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут