29 кастрычніка "Малады фронт" праводзіць "Ноч паэтаў" у Курапатах

23/10/2017 - 09:51

Уночы на 30 кастрычніка "Малады фронт" (зарэгістраваны ў Чэхіі) ушануе ў Курапатах памяць прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, расстраляных падчас "Вялікага тэрору" 1937 года. Ва ўрочышчы, дзе, як мяркуецца, пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, пройдзе "Ноч паэтаў".

80 гадоў таму — уночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — у Мінску былі расстраляныя больш за 100 беларускіх навукоўцаў, пісьменнікаў, паэтаў, дзяржаўных дзеячоў. Сярод знішчаных чэкістамі такія выбітныя творцы, як Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Тодар Кляшторны і многія іншыя. 

"Каб ушанаваць памяць нявінна забітых савецкай уладай, "Малады фронт" запрашае патрыётаў на начныя чытанні ў Курапаты, якія распачнуцца а 8-й гадзіне ўвечары 29 кастрычніка і будуць праходзіць да раніцы наступнага дня. У чытаннях плануюцца выступы гісторыкаў, паэтаў, музыкаў і ўсіх, хто пажадае ўшанаваць ахвяраў камунізму, — гаворыцца ў паведамленні, якое праз сацыяльныя сеткі распаўсюджваецца да імя арганізацыі. — Цёпла апранайцеся, бярыце з сабой гарачую гарбату і шмат знічак".

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі