2017 год будзе абвешчаны годам памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій

16/01/2017 - 09:01

2017 год будзе абвешчаны годам памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Пра гэта Еўрарадыё распавёў гісторык Ігар Кузняцоў.

"18 студзеня на Управе БНФ збярэцца аргкамітэт па стварэнні гісторыка-асветніцкага аб'яднання "Вяртанне памяці". Сёлета спаўняецца 80 гадоў з Вялікага тэрору — піку савецкіх рэпрэсій 1930-х, які прыйшоўся на 1937 год. Таму мы плануем абвясціць 2017 год годам памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій", — распавёў нам гісторык.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, ахвярамі тэрору сталі 600 тысяч жыхароў Беларусі. Ігар Кузняцоў лічыць, што насамрэч іх як мінімум на 200 тысяч болей. Сярод іх як звычайныя людзі, так і інтэлектуальная эліта краіны — дзеячы беларускага адраджэння 1920-х. Дакладна колькасць рэпрэсаваных падлічыць цяжка: арыштаваных на тэрыторыі Беларусі часам знішчалі далёка за яе межамі, ва ўстановах ГУЛагу.

Толькі ўночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях унутранай турмы НКВД у Мінску, дзе сёння размяшчаецца следчы ізалятар КДБ, былі расстраляныя каля 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратары, выкладчыкі, навукоўцы. Сярод знішчаных былі таксама савецкія ўпраўленцы. Расстрэльны спіс зацвярджаўся ў Маскве, але тутэйшыя чэкісты дадалі ў яго некалькі прозвішчаў па ўласнай ініцыятыве.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі