136 тысяч: Павел Латушка назваў колькасць пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі

10/11/2023 - 16:44

Павел Латушка на канферэнцыі ў Таліне / Еўрарадыё

136 тысяч ахвяраў злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі ў перыяд з мая 2020 па май 2023 года — менавіта такую лічбу назваў намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка. Ён заклікае прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за гэта, а таксама за вайсковыя злачынствы і за злачынствы супраць украінскіх дзяцей.

"Што перашкаджае прыцягненню да адказнасці? На мой пункт гледжання як юрыста — нічога. Патрэбна палітычная воля. Зрабіце адзін крок, — прамаўляе Латушка ў панэлі інаўгурацыі Беларускай канферэнцыі ў Таліне. — І гэта тэст. Тэст на дэмакратыю. Тэст, які праходзіць не толькі беларускі народ, але і Еўрапейскі саюз.

Калі на прыкладзе Беларусі Еўрапейскі саюз, еўрапейская дэмакратыя яго не пройдзе, ці будзе вера ў беларусаў у дэмакратыю? Ці будуць гэтыя перспектывы зменаў у 2025-м?"

Латушка лічыць, што пакуль Лукашэнка не апынецца перад рэальнай пагрозай прыцягнення да адказнасці, дэмакратыя ў Беларусі не пераможа. "Таму стратэгія на сённяшні дзень — зрабіць усё, каб на падставе сабраных матэрыялаў прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці", — дадае ён.

Днямі каманда Паўла Латушкі перадала Міжнароднаму крымінальнаму суду (МКС) у Гаазе дадатковыя матэрыялы аб дачыненні "Лукашэнкі і яго саюзнікаў да вайсковага злачынства — перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей". Сустрэча адбылася напярэдадні ў офісе пракурора МУС.

На сайце НАУ гаворыцца, што новыя матэрыялы дапаўняюць інфармацыю, якая была перададзена МКС раней гэтым летам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі