Актывістку "Нашага Дома" будуць судзіць за аплату штрафаў і паслуг адвакатаў

04/02/2022 - 13:29

Пракуратура Мінска накіравала ў Мінгарсуд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу Юліі Гарачкі. Яе вінавацяць у падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Дзяўчына — актывістка арганізацыі "Наш Дом". Ад жніўня 2020 года па 14 ліпеня 2021-га яна дапамагала пратэстоўцам аплочваць штрафы, паслугі адвакатаў і іншыя выплаты, звязаныя з разглядам адміністрацыйных і крымінальных спраў. 

Дапамогу праз яе атрымалі не менш за 178 чалавек, агульная сума перавысіла 141 тысячу рублёў.

Паведамляецца, што дзяўчына цалкам прызнала віну. "У поўным аб'ёме выканала абавязацельствы, прадугледжаныя дасудовым пагадненнем аб супрацоўніцтве, па аказанні садзейнічання ў расследаванні злачынства, выкрыцці іншых саўдзельнікаў злачынства, іншым загладжванні шкоды", — адзначаюць у пракуратуры.

Юлія Гарачка знаходзіцца ў СІЗА №1. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі